BE RU EN

СБУ дапытвае беларусаў, якія едуць на Еўрамайдан

  • 8.12.2013, 10:52

(абноўлена - 12:00) Пасажыраў аўтобуса Гомель-Чарнігаў дапытваюць супрацоўнікі Службы бяспекі Украіны.

Беларусы былі затрыманыя ўкраінскімі памежнікамі ўчора ўвечары пасля таго, як аднаму з іх - актывісту арганізацыі «Альтэрнатыва» Дзмітрыю Сільчанку - падкінулі наркотыкі. Усю ноч яны правялі на памежным пераходзе. Допыты пачаліся раніцай.

«Супрацоўнікі СБУ выклікаюць пасажыраў аўтобуса паводле загадзя падрыхтаванага спісу. Думаю, што ён складзены паводле звестак, перададзеных з Беларусі. Яшчэ перад ад'ездам з Гомеля ў аўтобус зайшлі міліцыянты, якія склалі спіс пасажыраў.

Людзям задаюць адны і тыя ж пытанні, прычым яны не датычацца наркотыкаў. Пытаюцца аб месцы вучобы і працы, прыналежнасці да грамадскіх і палітычных арганізацый, мэтах прыезду ва Украіну. Апошнім цікавяцца найбольш падрабязна. Думаю, што галоўная іх мэта - не дапусціць нашай прысутнасці на акцыі, якая пачнецца праз гадзіну ў Кіеве, аднак не выключаю, што паводле вынікаў допыту каго-небудзь з беларускіх актывістаў могуць затрымаць на больш доўгі тэрмін», - распавёў charter97.org адзін з пасажыраў аўтобуса.

Допыты яшчэ не скончыліся. Актывістам, якія іх ужо прайшлі, па-ранейшаму не дазваляюць працягнуць шлях.

«Прыбыло падмацаванне. Следчы Чарнігаўскай СБУ, па прозвішчы «Іваноў» заявіў, што мы прабудзем тут «да заканчэння следчых дзеянняў» паводле «факта выяўлення наркатычнага рэчыва», наш працэсуальны статус - сведкі», але нас не адпусцяць, пакуль не ўстановяць «ісціну». На пытанне ўкраінцаў: «Ці можна адпусціць людзей, якія не займаюцца палітыкай?» следчы ўхмыльнуўся і ўцёк з аўтобуса», - паведаміў у сваім акаўнце ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі.

Пазней стала вядома сапраўднае імя следчага - Умельяненка Дзяніс Аляксандравіч.

Апошнія навіны