На выставу ў Менск прывезлі арыгіналы Далі і Пікасо
- 1.05.2015, 15:23
У Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь пачала працаваць выстава «Сальвадор Далі і Пабла Пікасо».
У трох залах дэманструюцца скульптура, кераміка і графіка найвялікшых мастакоў сучаснасці, чыёй радзімай была Гішпанія, пішуць «Менск-навіны».
Усе працы сапраўдныя і з'яўляюцца ўласнасцю расейскага калекцыянера Аляксандра Шадрына.
- Ніводзін калекцыянер у свеце, ніводзін музей свету не акумуляваў такую колькасць твораў Далі і Пікасо, як я, - не выхваляючыся, а канстатуючы, адзначыў Аляксандр Шадрын на прэс-канферэнцыі. - Гэтая калекцыя фармавалася цягам апошніх 15 гадоў. Творы набываліся ў парыжскім музеі Сальвадора Далі, на аўкцыёнах, ва ўладальнікаў аўтарскіх правоў. Праца была доўгая і карпатлівая. У выніку мая калекцыя стала нацыянальна-культурным здабыткам Расеі. Менск - першы горад за межамі Расеі, дзе я наважыў выставіць шэдэўры Далі і Пікасо.
Сальвадор Далі пражыў 85 гадоў. Увесь свет сёння ведае невялікі каталонскі горад Фігерас, дзе нарадзіўся і дзе памёр вялікі жывапісец, графік, скульптар, дызайнер, рэжысёр, пісьменнік, адзін з самых вядомых прадстаўнікоў сюррэалізму.
- У маёй калекцыі - знакамітыя скульптуры Далі «Конь, асядланы часам», «Венера са скрынямі», «Касмічны насарог», «Павага Ньютану», «Бачанне анёла»... Ёсць нават дзейны (!) «тэлефон-лобстэр», - распавёў Аляксандр Шадрын. - Шмат керамікі, у тым ліку талеркі-фрукты. Прадэманстраваныя графічныя серыі «Японскія казкі», «Анёлы», «Далініянскі кветнік», «Бестыярыюм Лафантэна», «Чалавечыя заганы»... Усё гэта дае магчымасць аб'ёмнага ўспрымання творчасці генія.
Збор твораў Пабла Пікасо займае на выставе больш сціплае месца, чым калекцыя Сальвадора Далі. Аднак 30 выстаўленых керамічных работ дазваляюць убачыць глыбіню ягоных творчых памкненняў.
- Гэта кераміка Пікасо з калекцыі сямейства Рам’е, - сказаў Аляксандр Шадрын. - У іх фамільнай майстэрні Пікасо фактычна і стварыў усе свае керамічныя шэдэўры. Я пачаў перамовы з Рам’е аб набыцці керамікі яшчэ ў 2009 годзе. У Менск прыехалі стравы, аздобленыя рукой Пікасо вобразамі жывёлін, міфічнымі істотамі. Тут і сусветна знакаміты голуб Пікасо, дакладней, ягоная варыяцыя.
У залах гістарычнага музея ў рэжыме нон-стоп на двух экранах дэманструюцца фільмы-экскурсіі, у якіх Аляксандр Шадрын падрабязна распавядае, як ствараліся калекцыі, знаёміць з задумамі многіх твораў Далі і Пікасо, з фрагментамі іх яскравых біяграфій.
Выстава «Сальвадор Далі і Пабла Пікасо» будзе працаваць у Менску да 29 чэрвеня.