«Калі Павел Севярынец адважыўся на такое, значыц, у ІЧУ зладзілі татальнае беззаконне»
- 18.06.2020, 15:46
У сацсетках рэагуюць на пратэст апазіцыйнага палітыка.
Вядомы журналіст Анджэй Пачобут у «Фэйсбуку» адрэагаваў на пратэст супраць катаванняў аднаго з лідараў апазіцыі Паўла Севярынца.
«Гляджу сёй-той не зусім разумее, што здарылася. Рэзаць сябе, ускрываць вены і да т.п. - гэта экстрэмальны спосаб абароны зняволенага ад турэмнага беззаконня. Гэта апошні аргумент, які мае арыштант, калі ягоныя правы парушаюцца. Гэта не значыць, што той, хто выкрываецца - зламаўся, гэта азначае, што ніякай іншай формы абароны сваіх правоў у яго, хутчэй за ўсё, не засталося.
Павел Севярынец дасведчаны арыштант. Не раз і не два сядзеў у розных турмах і розных умовах. Калі ён адважыўся на такое, значыць, у ІЧУ зладзілі татальнае беззаконне і чалавечыя законы там не дзейнічаюць», - напісаў Анджэй Пачобут.
Нагадаем, сёння ў Менску пройдзе пікет Салідарнасці з палітычнымі вязнямі. Пікет пачнецца а 18.00 каля Белдзяржфілармоніі на плошчы Якуба Коласа.