З'явілася відэа з салона VW Polo за хвіліну да аварыі ў Менску
- 28.10.2022, 12:07
Моладзь весяліліся ў дарозе, танчыла і падпявала пад гучную музыку.
У мінулую сераду на сталічным перакрыжаванні Брылеўскай і Вірскай здарылася ДТЗ з удзелам каршэрынгавага аўто. 22-гадовы хлопец пратараніў металічную агароджу і выехаў на сустрэчную паласу, дзе ўрэзаўся ў Honda, Hyundai, Geely і Mercedes. Чатыры чалавекі пацярпелі. Кіроўца каршэрынгу, паводле звестак ДАІ, быў п'яны. У распараджэнні Onlíner было відэа, знятае ў салоне Polo незадоўга да аварыі.
Як відаць з запісу, маладыя людзі весяліліся ў дарозе, танчылі і падпявалі пад гучную музыку. Пасажыр зняў вопратку, агаліў тулава і ехаў у момант здымкі непрышпілены. Пасля ў выніку ўдару яго і кроўцу выкінула з салона на асфальт.
У ДАІ паведамлялі, і пасажыр, і кіроўца былі нецвярозымі - у апошняга 3,29 праміле ў крыві.
Афіцыйная папярэдняя прычына здарэння ад Дзяржаўтаінспекцыі - «п'яны кіроўца не даў рады кіраванню».
27 кастрычніка следчыя распаўсюдзілі некаторыя падрабязнасці здарэння.
«У момант аварыі ў Volkswagen знаходзілася яшчэ двое падпітых хлопцаў (21 і 22 гадоў), - агучыў прадстаўнік СК у эфіры «Радыё Менск». - Ад удару яны вылецелі з салона на праезную частку. Звычайна такія абставіны ўказваюць на тое, што яны не былі прышпіленыя рамянямі бяспекі, аднак гэта будзе ўстаноўлена пазней. Абодва маладзёны шпіталізаваны, і цяпер іх стан ацэньваецца як цяжкі. Яшчэ адзін пацярпелы - 29-гадовая дзяўчына, пасажырка Honda. Яна пакуль знаходзіцца ў шпіталі».
«Дзецюкі здымалі сваю «п'яную паездку» на мабільны тэлефон і выкладалі ў сацыяльныя сеткі. Прычым рабіў гэта менавіта той, хто знаходзіўся за стырном аўта, трымаючы ў руцэ мабільны тэлефон. Хто менавіта з маладых людзей кіраваў аўтамабілем, будзе ўстаноўлена следчым шляхам, - дапоўнілі супрацоўнікі Следчага камітэта. - Паводле факту ДТЗ распачатая крымінальная справа паводле ч. 4 арт. 317 КК («Парушэнне ПДР асобай, якая кіруе МС у стане ап'янення, якое пацягнула па неасцярожнасці прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў»)».