BE RU EN

На мяжу шукаюць супрацоўнікаў, якія будуць пламбаваць цяжкавікі

  • 15.02.2022, 16:08

Перад уладкаваннем прэтэндэнт павінен прайсці праверку ў службе бяспекі памежнай службы.

На мінулым тыдні ў Viber-чаце аб пошуку супрацоўнікаў з'явілася вакансія «работніка для навешвання навігацыйных пломбаў на аўто» ад гарадзенскага філіяла «Белмытсэрвіса».

Паведамлялася, што людзі патрэбныя ў пункт пропуску «Бераставіца» на беларуска-польскай мяжы, піша abw.by.

«Мы цяпер працуем у аўральным рэжыме. Гэта не падман, калі сумняваецеся, то ў панядзелак прыходзьце ў наш аддзел кадраў», – у выходныя дні паведаміў праз тэлефон мужчына, які назваўся супрацоўнікам юрыдычнай службы філіяла. Раніцай у панядзелак гэтую інфармацыю пацвердзілі ў аддзеле кадраў прадпрыемства.

Высветлілася, што перад уладкаваннем на працу прэтэндэнт праходзіць праверку ў службе бяспекі памежнай службы, гэта займае некалькі гадзін. Калі ўсё нармальна, то з чалавекам укладаюць дамову найму – гэтая праца прадугледжвае толькі такія працоўныя стасункі. Пакуль дамову ўкладаюць да сакавіка 2022 года.

З Гародні ў пункт пропуску і назад супрацоўнікаў дастаўляе аўтобус прадпрыемства. Графік працы пазменны - змена 12 гадзін, потым «адсыпныя». Але на працу можна выходзіць і часцей у залежнасці ад жадання самога працаўніка.

«Працэдура нескладаная. Навігацыйная пломба па памерах як пачак солі, вось яе і трэба ўсталёўваць на грузавікі. Справіцца і жанчына. Мы выдаём шытыя пальчаткі, а вось працоўнае адзенне павінна быць сваё», – растлумачылі праз тэлефон.

Заробак выплачваецца раз на месяц, яго сума залежыць ад таго, колькі пломбаў усталяваў работнік. Пры гэтым дзейнічае градацыя: нейкую колькасць пломбаў аплачваюць па чатыры рублі за кожную, потым расцэнка становіцца вышэйшай.

«Рэальна паставіць і 50, і 70 пломбаў за змену. Сядзець склаўшы рукі не давядзецца - гэта ж мяжа, машыны заўсёды ідуць адна за адной».

Як нагадваюць журналісты, беларускі ўрад наважыў: усе тавары, якія ўвозяцца аўтатранспартам з тэрыторыі Польшчы ў Беларусь, у абавязковым парадку павінны аснашчацца спадарожнікавымі навігацыйнымі пломбамі. Пастанова набыла моц з 8 снежня.

Для літоўскага накірунку такая ж пастанова дзейнічае ўжо некалькі месяцаў, з 30 жніўня. Акрамя таго, з 8 снежня ўрад удвая падняў тарыф на паслугі ўстаноўкі пломбы і яе адсочвання - да 10 базавых адзінак (290 руб).

Праз тое, што на цяжкавікі сталі ставіць пломбы, у беларускіх пунктах пропуску на мяжы з Польшчай і Літвой утварыліся чэргі. Так, у мінулыя выхадныя ў ПП «Казловічы» кіроўцам даводзілася да сямі гадзін чакаць афармлення і атрымання прыбора. Чарга з фур за некалькі дзясяткаў кіламетраў з'явіліся і на ўездзе ў краіну з боку Польшчы.

Ад Аўтабізнэсу. Дарэчы, адначасова шукаюць і спецыяліста па абслугоўванні навігацыйных прыстасаванняў «Белмытсэрвіс». Вось якую вакансію мы знайшлі ў Менску (дакладней, працоўнае месца знаходзіцца на 17-м км аўтадарогі Менск - Дзяржынск). Абавязкі наступныя:

• правядзенне прафілактычных аглядаў, тэхабслугоўвання і рамонту механічнай часткі электронных прыбораў (GPS-прылад на аснове электроннага замка з убудаваным GSM-модулем і RFID-картай);

• праверка паказчыкаў працы прыбора ў праграме STIGMA;

• падрыхтоўка абсталявання да працы, правядзенне тэставых праверак з мэтай выяўлення няспраўнасцяў;

• вядзенне ўліку прыбораў, якія паступаюць на тэхабслугоўванне, выдача прыбораў у пункты эксплуатацыі;

• складанне заявак на атрыманне неабходных для рамонту матэрыялаў, запасных частак, дэталей і інструмента.

Заробак абяцаюць 1300-1350 бел. руб на рукі плюс сацпакет.

ДМК адказаў расейскім вознікам наконт навігацыйных пломбаў.

Між тым чэргі грузавікоў на мяжы ўсё большыя - сёння, у аўторак, на 10.00 выезду з Беларусі чакалі 5680 фур (паводле звестак ДПК). Яшчэ ў студзені расейская Асацыяцыя міжнародных аўтавознікаў (АСМАП) выказала заклапочанасць «значным абвастрэннем сітуацыі на беларуска-польскай граніцы».

АСМАП затрымкі на мяжы звязала і з неабходнасцю набываць і ўсталёўваць навігацыйныя пломбы на фуры з грузамі з Польшчы. Вось што гаварылася ў лісце асацыяцыі ў дзяржорганы Беларусі і Расеі:

Дзяржаўны мытны камітэт адказаў АСМАП, якія захады ўжываюцца, каб сітуацыя з атрыманнем навігацыйных пломбаў была не такой напружанай:

Апошнія навіны