Пуцін пачаў масавыя чысткі ў ФСБ: 150 супрацоўнікаў адхіленыя, некаторыя арыштаваныя
- 12.04.2022, 13:52
Спецслужбу робяць вінаватай у правале «бліцкрыгу» ва Украіне.
У РФ пачаліся чысткі ў шэрагах ФСБ, чыя выведка давала Крамлю недакладныя звесткі аб сітуацыі ва Украіне, следствам чаго стаў поўны правал «пуцінскага бліцкрыгу», паведамляе Daily Mail.
Паводле яе звестак, на гэты час ад работы адхіленыя ўжо амаль 150 супрацоўнікаў спецслужбы, а некаторыя, у тым ліку кіраўнік так званай 5-й службы Сяргей Бяседа, узятыя пад варту.
«Адчайны расейскі прэзідэнт палюе на здраднікаў пасля таго, як агенты заходняй выведкі атрымалі баявыя планы ягонай краіны перад уварваннем. Ён таксама шукае вінаватых у тым, што ягоны ваенны націск не прывёў да хуткай перамогі. Учора ўвечары стала вядома, што генерал-палкоўнік Сяргей Бяседа, начальнік аддзела замежнай выведкі ФСБ, пасля хатняга арышту пераведзены ў маскоўскі СІЗА строгага рэжыму Лефортава», - піша брытанскае выданне.
Гэтую ж інфармацыю раней пацвердзіў і вядучы расследавальнік міжнароднага праекта Bellingcat Хрыста Грозеў і іншыя дасведчаныя крыніцы.
Афіцыйна ў дачыненні да 68-гадовага Бяседы вядзецца расследаванне паводле «справы аб крадзяжах», аднак, паводле інфармацыі журналістаў, насамрэч Пуцін падазрае яго ў перадачы замежным выведкам падрабязных звестак аб падрыхтоўцы ўварвання ва Украіну.
За некалькі гадзін да таго, як войскі РФ перайшлі 24 лютага да поўнамаштабнага наступу, брытанскае Міністэрства абароны апублікавала мапы з маршрутамі расейскіх бранятанкавых калон, што дазволіла УСУ арганізаваць эфектыўную абарону.