«Такога не бачыў ніколі»
- 3.06.2022, 18:01
Што за феномен здзівіў кіроўцаў на трасе Мінск-Гродна?
Трасу М6 Мінск-Гародня і аўтамабілі, што праязджаюць па ёй, апанавалі цьмы казурак. Кіроўцы не хавалі свайго здзіўлення колькасцю казурак, што абляпілі кабіны аўта, моташлемы і матацыклы, піша АвтоГродно.
«Такога яшчэ нідзе не бачыў за ўсё жыццё, колькі езджу, а езджу ўжо 20 гадоў. Проста жасткач», - напісаў у рэдакцыю сайта кіроўца МАЗа, які праехаў па трасе М6 праз воблака казурак. І ён быў не адзіны. Гарадзенскія кіроўцы паказалі наступствы сустрэчы з казуркамі.
Кіроўцы, якія паведамілі ў рэдакцыю пра нашэсце казурак, ехалі па адным і тым жа адцінку трасы М6 паміж Валожынам і Іўем. Было гэта 1 чэрвеня, у сераду.
"Усе, хто ехаў у Гродна па трасе ў той вечар, збочвалі на запраўку ля павароту на Іўі і спрабавалі хоць неяк адмыць шкло сваіх аўтамабіляў. На запраўцы былі нават чэргі за швабрай і вядром з вадой. Кіроўцы казалі, што такіх буйных казурак і ў такой колькасці яшчэ не сустракалі», - распавяла карэспандэнтам Алеся, якая праехала праз воблака казурак на матацыкле.
«Тыя казуркі імгненна ліплі на шкло, іх было немагчыма змыць шчоткамі, а выходзіць у тым месцы неяк не хацелася», - дадаў кіроўца МАЗа. «Я сёння на мыйку прыехаў, дык там былі ў шоку проста, такога не бачылі нідзе і ніколі, – распавядае кіроўца грузавіка DAF, які таксама быў у гэты час на трасе М6. – Гадзіну мылі з кіслатой, ледзь адмылі кабіну».
«Я і на трасе спрабаваў пачысціць шкло, спыняўся, даліваў абмывальнік. Але тыя казуркі, нават не ведаю што за яны, ляцелі без разбору, білі па твары, у кабіну ў момант уляталі», - дадаў мужчына.
Верагодна, гэта сезоннае з'яўленне казурак. Кіроўцы, што ўчора праязджалі па пазначаным адцінку, пазней з такой вялікай колькасцю казурак не сустракаліся.
У такіх сітуацыях раяць як мага хутчэй змочваць кузаў з наліплымі казуркамі і адмываць іх. інакш рэчывы, што выпрадуктоўваюцца казуркамі, пашкоджваюць верхні пласт лакафарбавага пакрыцця і пакідаюць на кузаве даўгавечныя плямы.
Яшчэ адна праблема сустрэчы з роем казурак - забіванне сот радыятара. Шчыльны пласт казурак на радыятары можа даць вынікам кепскае астуджэнне рухавіка, яго перагрэў і патрэбу ў капітальным рамонце. Вось чаму ў далёкіх вандроўках перад радыятарам раім ставіць маскітную сетку.