BE RU EN

Што адбываецца, калі выпускнік не з'яўляецца на месца размеркавання?

  • 2.10.2023, 21:21

Юрыстка адказала на важныя пытанні пра размеркаванне.

«З верасня 2022 года памеры кампенсацыі касмічныя, проста вялізныя», – расказвае юрыстка БДУ, да якой Еўрарадыё звярнулася ад імя слухачкі Святланы.

Малодшы сын жанчыны рыхтуецца да паступлення. Старэйшы вучыцца на апошнім курсе (бюджэт) і пасля заканчэння ВНУ хоча з'ехаць за мяжу.

Спецыялістка падрабязна тлумачыць, якім штрафам пагражае адмова ад размеркавання без уважлівай прычыны, якімі могуць быць гэтыя прычыны і што чакае выпускніка, калі ў яго няма грошай на кампенсацыю.

– Што адбываецца, калі выпускнік не з'яўляецца на месца размеркавання?

– Арганізацыя паведамляе БДУ, што выпускнік не прыбыў. Пасля гэтага паведамлення мы пачынаем працу збору інфармацыі: што здарылася, чаму не пачаў працу і гэтак далей. Выпускніку накіроўваецца ліст пра падачу звестак, якія даюць права на вызваленне ад кампенсацыі.

Напрыклад, да такіх падставаў адносяцца: інваліднасць да дасягнення 18-годдзя, проста інваліднасць 1-2 групы, інваліднасць 1-2 групы, пастаўленая аднаму з бацькоў (усынаўляльнікаў) або сужэнцу, а таксама калі ёсць дзіця з інваліднасцю.

Таксама на вызваленне ад размеркавання маюць права выпускнікі, у якіх узніклі медыцынскія супрацьпаказанні да працы ў атрыманай спецыяльнасці і прысвоенай кваліфікацыі, а таксама ў выпадку ліквідацыі арганізацыі заказчыка кадраў.

Калі вы не з'яўляецеся на працу з адной з гэтых прычынаў, ніякіх выплатаў з вас не запатрабуюць. Калі такіх падставаў няма, ствараецца загад на выплату завінавачанасці цягам шасці месяцаў ад даты загада.

Сумы вельмі вялікія. Іх вызначаем не мы і яны могуць быць рознымі, у залежнасці ад факультэта. Напрыклад, 60 тысячаў рублёў, але быў выпадак, калі чалавеку трэба было выплаціць і 67 тысячаў.

– Ці можна дамовіцца з працадаўцам, не адпрацоўваць і не выплачваць кампенсацыі?

– Працадаўца і выпускнік мала пра што могуць дамовіцца паміж сабой, таму што ў працадаўцы невялікі пералік падставаў, чаму ён можа выпускніка звольніць. У Беларусі ёсць гарантыя дзяржавы: маладых спецыялістаў нельга звальняць праз пагадненне бакоў. Таксама нельга проста прыйсці і сказаць: «Я звальняюся».

– Ці можна крыху папрацаваць паводле размеркавання, а потым сысці і нічога не плаціць?

– Плаціць усё роўна давядзецца, але калі выпускнік нейкі час працаваў (як мінімум 15 дзён), сума будзе меншая.

Напрыклад, калі чалавек разумее, што не хоча працаваць паводле размеркавання, ён піша заяву ў БДУ: «Прашу зрабіць разлік сумы сродкаў, якія падлягаюць кампенсацыі». Цягам 15 дзён яму мусіць прыйсці адказ. Ён кампенсуе суму, і яго звальняюць паводле пагаднення бакоў. Наймальнік яго адпускае.

Сума прапарцыйная адпрацаванаму часу: чым больш ён адпрацуе паводле размеркавання, тым меншая будзе сума. Калі не выйдзе ўвогуле – сума будзе стаадсоткавая.

– Што адбываецца, калі выпускнік не выплачвае кампенсацыю цягам шасці месяцаў?

– Нам даводзіцца заяўляць у суд. Адразу папярэджваю, што ў такім выпадку выпускніку трэба будзе заплаціць у казну дзяржавы яшчэ 5% ад сумы пазову. Ну, вы ўяўляеце, які ў выніку накручваецца лік.

Калі выпускнік пацерпіць паразу ў судзе, апошні выносіць пастанову, пасля якой выпускніку трэба штомесяц выплачваць завінавачанасць. Такія гісторыі часта доўжацца гадамі.

Пры гэтым галоўнае, каб чалавек плаціў. Ніякіх абмежаванняў на яго не накладаецца.

– А калі чалавек не паспеў сабраць поўную суму на выплату за шэсць месяцаў?

– Паводле закону грошы трэба выплаціць цягам шасці месяцаў і мы павінны заявіць, але выпадкі бываюць розныя. Напрыклад, я бачу, што да аплаты ў выпускніка 40 тысячаў і палову ён ужо выплаціў. Тады я магу заняцца тымі, хто ўвогуле не плаціць, і ў яго будзе крыху часу даплаціць.

– Што будзе, калі нічога не плаціць?

– Такое здараецца. Занадта вялікія сумы – людзі прынцыпова адмаўляюцца ад выплатаў. У такой сітуацыі з нашага боку ўсё паводле той жа схемы: дасылаем ліст, чакаем адказу, калі не выплачвае цягам шасці месяцаў, звяртаемся ў суд.

Калі чалавек знаходзіцца ў краіне, суд можа абмежаваць ягоны выезд за межы Беларусі. Напрыклад, ён захоча з'ехаць, а яго развернуць на мяжы.

Органы прымусовага выканання могуць, напрыклад, апісаць тэхніку ці накласці абмежаванні на кіраванне машынай. Але гэта не крымінальная справа, гэта значыць пасадзіць – не пасадзяць. Такога, каб апісалі кватэру, на маёй практыцы таксама не было.

– А што будзе, калі чалавек выедзе з краіны? Пазыка будзе вісець?

– Нейкага вызначанага тэрміну ў такіх справаў няма. Мы будзем прадаўжаць заяўляць у органы прымусовага выканання. Калі пра справу забудуцца, гэта не значыць, што яе даравалі. Працэдуру можна прадоўжыць і пазней. Многія з'язджаюць і думаюць, што ніколі не вернуцца, аднак акалічнасці бываюць розныя.

Дарэчы, можна папрацаваць крыху паводле размеркавання, а потым пераразмеркавацца. За мяжу мы, вядома, не размяркуем, але ўнутры краіны такое магчыма.

Выпускнік звяртаецца ва ўстанову адукацыі і дае згоду двух наймальнікаў (таго, да якога ён быў размеркаваны, і таго, да каго ён хоча размеркавацца).

– А калі выпускнік не з'явіцца на месцы размеркавання, таму што яго пасадзілі?

– Бываюць і такія выпадкі. Увогуле выпускнік павінен з'явіцца на працу 1 жніўня. Калі чалавека пасадзілі на суткі і ён не выйшаў, гэта можа прыраўноўвацца да прагулу. І тады ўсё паводле той самай схемы – цягам шасці месяцаў давядзецца выплачваць запазычанасць.

Але шмат залежыць ад наймальніка, з якім можна паспрабаваць пагаварыць і папрасіць пачакаць супрацоўніка. Калі ён выйдзе не праз паўгода, тэарэтычна такое магчыма.

– Ці будзе павялічаны тэрмін размеркавання на 5-6 гадоў?

– Пакуль такой інфармацыі няма, але кодэкс нядаўна мяняўся, і звычайна змены ўносяцца з 1 верасня новага навучальнага года. Так што нават калі новаўвядзенне з'явіцца, пад яго наўрад ці патрапяць выпускнікі 2023–2024 навучальнага года.

Апошнія навіны