BE RU EN

Галоўная лыжніца Расеі выпадкова раскрыла балючае месца Пуціна

  • 19.11.2023, 15:05

І стала пасмешышчам у Сетцы.

Кіраўніца федэрацыі лыжных гонак Расеі (ФЛГР) Алена Вяльбе ў каментары адхілення РФ ад міжнародных спаборніцтваў заявіла, што гэта зрабілі, каб «насаліць» Пуціну. На думку 55-гадовай трохразовай алімпійскай чэмпіёнкі, расейскі прэзідэнт вельмі любіць спорт і МАК спецыяльна робіць так, каб кіраўніку Крамля было непрыемна.

Таксама Вяльбе ўпэўненая, што расейскія атлеты адназначна не паедуць на АГ без сцяга і гімна.

«Калі не, то будзем выступаць на Гульнях сяброўства. Датуль для спартоўцаў статут у гэтых спаборніцтваў будзе практычна на ўзроўні Алімпійскіх гульняў. Мы не робім альтэрнатыву МАК, мы робім гэта для таго, каб нашыя спартоўцы не адчувалі сябе ўшчэмленымі. Цяпер гэта нават не пакаранне спартоўцаў, гэта пакаранне прэзідэнта нашай краіны. Усе цудоўна ведаюць, як ён ставіцца да спорту, і спрабуюць націснуць на хворае месца. Мы павінны ўсё гэта вытрымаць», - заявіла Вяльбе ў эфіры Youtube-канала «РТС Навіны Хакасія».

Таксама чыноўніца зрабіла стандартную заяву аб тым, што санкцыі нібыта Расеі толькі на карысць.

«Мне здаецца, калі б нашая краіна, пачынаючы з 2016 года, калі нас першы раз адправілі без сцяга і без гімна на Алімпіяду, абурылася і сказала б «не», то, можа быць, і цяпер была б іншая сітуацыя. Людзі заўсёды глядзяць: а, ну калі яны на гэта пагадзіліся, то цудоўна, можна і далей, далей, далей. Усе гэтыя санкцыі - яны нас толькі робяць мацнейшымі. Гэта рэальна так. Мы становімся больш згуртаванымі», – падсумавала Вяльбе.

Такое інтэрв'ю кіраўніцы ФЛГР выклікала бурную рэакцыю ў інтэрнэце. Заўзятары высмеялі падлізніцтва Вяльбе.

«Трэба скінуцца прэзідэнту на суцяшэнне. Прапаную падняць ПДВ яшчэ на 2%», «Ага.. вінаваты ў вас заўсёды Абама, а падкопы плятуць выключна супраць Пуціна. ЛА - логіка амёбы (( Мяжы глупства Вяльбе проста няма, а яна ніяк не супакоіцца….», «Спартоўцы без міжнародных стартаў, але пакутуе прэзідэнт. Што яна нясе? Што за шалёная жанчына?», «Вяльбе ў наступны раз хай лепш думае перш чым выдаваць дзяржаўныя таямніцы, вось так лёгка выдала слабое месца», - напісалі расейцы.

Апошнія навіны