Прэм'ер Балгарыі запатрабаваў ад МУС перастаць збіваць футбольных фанатаў
- 20.11.2023, 20:02
Мікалай Дзянкоў заявіў, што сярод некаторых паліцыянтаў ёсць «культура біцца з хлапчукамі».
Прэм'ер-міністр Балгарыі Мікалай Дзянкоў пасля разгону заўзятараў, якія пратэставалі супраць кіраўніцтва Балгарскага футбольнага звязу (БФЗ), заявіў, што не можа ўзначальваць урад, які збівае людзей на вуліцах. Словы Дзянкова прыводзіць балгарская газета «Праца».
Блізу 5 тыс. заўзятараў 17 лістапада арганізавалі акцыю пратэсту перад матчам з вугорцамі ў адборачным турніры Еўра-2024. УЕФА на просьбу БФЗ пастанавіў правесці матч без гледачоў. У выніку фанаты перад гульнёй пачалі закідваць паліцыю камянямі і бутэлькамі і падпальвалі смеццевыя бакі. Паліцыя скарыстала вадамёты і іншыя спецсродкі, у тым ліку супраць тых, хто не чыніў супраціву. У беспарадках пацярпелі дзясяткі заўзятараў і паліцыянтаў.
«Відавочна, што ў паліцыі, сярод часткі людзей, існуе культура, згодна з якой уважаецца за нармальнае выходзіць на вуліцу і біцца з хлапчукамі, дзецьмі, безабароннымі людзьмі, жанчынамі. Гэта непрымальна, і мы не можам прадаўжаць у такім духу. Я хачу, каб і міністр, і палітыкі, якія яго абараняюць, сказалі, ці мяркуюць яны, што гэта нармальна», – сказаў Дзянкоў.
Дзянкоў прызнаў, што велізарная колькасць паліцыянтаў узорна забяспечвала бяспеку падчас пратэсту заўзятараў.
Як піша AFP, заўзятары патрабавалі адстаўкі прэзідэнта БФЗ Барыслава Міхайлава. Ён узначальвае арганізацыю 18 гадоў, за якія каманда Балгарыі не змагла прайсці адбор ні на адзін буйны турнір і некалькі разоў мяняла трэнераў.
У адборачным турніры Еўра-2026 балгары занялі апошняе месца ў групе G.