BE RU EN

Чым цяпер займаецца заснавальнік «Дарыды» Уладзімір Дзялендзік

  • 24.11.2023, 19:52

Бізнэсмэн з'ехаў з Беларусі.

Выданне «Трыбуна» прыгадала, што ўжо 15 гадоў у беларускім футболе няма клуба «Дарыда», які ў свой час быў даволі яскравай з'явай у айчынным спорце. А успамінаючы пра клуб, зацікавілася і тым, чым цяпер займаецца ягоны былы стваральнік: стваральнік кампаніі «Дарыда» Уладзімір Дзялендзік.

«Трыбуна» нагадвае, што ў 2010-я гады бізнэсмэн быў сталым прадстаўніком топ-200 самых паспяховых прадпрымальнікаў Беларусі, і ягоныя пазіцыі толькі ўмацоўваліся.

Але ў канцы 2018 года на жыццё і дзейнасць Дзялендзіка моцна паўплывала ДТЗ са смяротным зыходам. Тады бізнэсмэн за рулём «Ягуара» на скрыжаванні вуліцаў Арлоўскай і Нававіленскай у Менску сутыкнуўся з «Фальксвагенам», у выніку чаго загінула 69-гадовая пасажырка гэтага аўтамабіля, а яе дачка, якая была за стырном, трапіла ў лякарню. Дзялендзіка тады прызналі вінаватым у аварыі, яму пагражала да пяці гадоў за кратамі. Але ўлетку 2019-га 67-гадовага бізнэсмэна вызвалілі ад адказнасці, падвёўшы пад амністыю.

У 2020 годзе Дзялендзік некалькі разоў выказваўся на грамадска значныя тэмы: выступаў супраць аб'яднання з Расеяй, абвінавачваў у бяздзейнасці і бескарыснасці БРСМ і «Белую Русь», гаварыў, што на месцы Лукашэнкі выпусціў бы Віктара Бабарыку з турмы, хоць пры гэтым і не выступаў супраць яго адкрыта.

Пасля жнівеньскіх выбараў 2020 года Дзялендзік знік з публічнай прасторы. Нават яго да таго даволі актыўная старонка ў Facebook замерла – апошні пост датаваны 27 снежня 2020-га.

Як атрымалася высветліць у «Трыбуны», бізнэсмэн пакінуў Беларусь. Як кажуць яе суразмоўцы, «Дзялендзік зразумеў, да чаго ўсё ідзе, як будзе развівацца сфера бізнэсу пасля ўсіх паслявыбарных падзей, і прыняў пастанову з'ехаць».

Паводле звестак «Трыбуны», бізнэсмэн цяпер жыве ў Гішпаніі, дзе да гэтага ўжо пасялілася ягоная дачка Наталля.

Таксама, як здолелі даведацца, Дзялендзік па-ранейшаму з дакументаў з'яўляецца адным з заснавальнікаў прадпрыемства «Дарыда», маючы пэўную дзель у ім, што дазваляе нябедна жыць на Пірэнэях і нічым не займацца, маючы штомесячны пасіўны прыбытак. Афіцыйна пасаду гендырэктара Дзялендзік пакінуў даўно – яшчэ ў 2016-м.

Таксама нібыта Дзялендзік перавёз у Гішпанію і сваю выбранніцу (невядома, ці аформленыя іх стасункі афіцыйна). Размова пра дачку футбольнага трэнера Уладзіміра Пігулеўскага Вольгу. Сам Пігулеўскі памёр у канцы 2020-га ва ўзросце 71 год, а да таго шмат гадоў кіраваў РЦАР у футболе БДУ, на базе якога існуе клуб «Энэргетык-БДУ».

Як расказалі «Трыбуне» суразмоўцы са свету футболу, яшчэ ў 2006–2007 гадах «Дарыда» фінансава дапамагала клубу «Зорка-БДУ» выступаць у другім дывізіёне, а дачка Пігулеўскага часта суправаджала Дзялендзіка ў ягоных камандзіроўках. З часам пара пачала жыць разам, што і прадаўжае рабіць.

Апошнія навіны