У Ерусаліме адбыўся вялікі тэрарыстычны акт
- 30.11.2023, 9:56

Два чалавекі загінулі, шмат параненых.
Раніцай у чацвер, 30 лістапада, на вуліцы Вейцман у Ерусаліме адбыўся агнястрэльны тэрарыстычны акт. Два ваеўнікі, узброеныя аўтаматычнымі карабінамі М-16, пачалі страляць па мінаках на аўтобусным прыпынку пры выездзе з места — непадалёк ад цэнтральнай аўтобуснай станцыі, паведамляюць «Дэталі».
У паліцыі мяркуюць, што спачатку тэрарысты, якія прыбылі з квартала Цур-Бахер ва Усходнім Ерусаліме, учынілі наезд на людзей на прыпынку, затым кінулі ў іхны бок выбуховую прыладу, а потым выйшлі з аўтамабіля і пачалі страляць па мінаках. Паліцыя прачэсвае мясцовасць, спраўджваючы паведамленне пра імавернага трэцяга супольніка тэрарыстаў.
Спачатку Служба хуткай дапамогі МАДА паведаміла пра як мінімум семярых параненых — стан дваіх пацярпелых крытычны, яшчэ дваіх — цяжкі, траіх — сярэдняй ступені цяжкасці.
Пазней стала вядома, што адна пацярпелая, 24-гадовая маладая жанчына, нягледзячы на намаганні медыкаў, памерла. Потым паступіла паведамленне аб смерці ў шпіталі другога параненага, 73-гадовага мужчыны.
Двое стралкоў былі зліквідаваныя.
Раней паведамлялася аб двух месцах, дзе тэрарысты пачалі страляніну — у квартале Рамот на поўначы сталіцы і на выездзе з места. У МАДА заявілі, што гэтая інфармацыя няправільная, месца здарэння было адно.