Палітвязня ІП прысудзілі да пяці гадоў калоніі
- 6.02.2023, 11:48
Глеба Гладкоўскага судзілі паводле «справы Зэльцэра».
Менскі гарадскі суд пасля працяглага перапынку 1 лютага вынес прысуд у крымінальнай справе палітвязня прадпрымальніка Глеба Гладкоўскага, паведамляюць праваабаронцы.
Вядома, што Глебу было выстаўленае абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 368 КК («Абраза Лукашэнкі»), арт. 198 КК («Перашкода законнай прафесійнай дзейнасці журналіста»), ч. 3 арт. 361 КК («Заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»), ч. 1 арт. 130 КК («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варожасці»).
Справу разглядала «суддзя» Святлана Чарапанава.
Глеб Гладкоўскі - вядомы арганізатар аэраздымак квадракоптарамі. Быў затрыманы 30 верасня 2021 года ў Берасці паводле крымінальнай справы, распачатай за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і IT-спецыяліста Андрэя Зельцэра. Вядома, што Глеб пакінуў паведамленне «Дзімон ту-ду-ту» (на матыў музыкі з фільма «Бумер»).
Спачатку Гладкоўскі знаходзіўся ў СТ-8 у Жодзіне, у сярэдзіне траўня 2022 года стала вядома пра яго перавод у СІЗА-1 Менска. 8 лістапада пачаўся разгляд справы палітвязня.
Суд прызнаў Глеба Гладкоўскага вінаватым і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму тэрмінам на пяць гадоў.