Яшчэ крыху — і Эміраты: у Беларусі тэмпература паветра павышаецца ўтрая хутчэй, чым на ўсёй Зямлі
- 23.03.2023, 18:13
Максімальны рост назіраецца па поўдні і ўсходзе краіны.
Статыстыка падкідвае падставы для радасці: зіма ў нас становіцца карацейшай, а лета - даўжэйшым. Так што цяпер можна жартаваць не пра дзевяць месяцаў зімы, а пра восем. Максімальны рост тэмпературы назіраецца на поўдні і ўсходзе краіны, поўнач застаецца суровай да канца. Але гэта прыблізна за год. Паказчыкі для сезонаў могуць моцна адрознівацца: недзе гарачэйшым становіцца лета, а недзе мякчэйшай зіма, піша onliner.by.
Калі вы заўсёды задаваліся пытаннем, якая ж сярэдняя тэмпература ў Беларусі, момант раскрыцця таямніцы надышоў. За апошнія дзесяць гадоў - гэта +8. Хаця ў норме павінна было б быць +7,2 — пра гэта распавялі ў Белгідрамеце. Тэмпература ў Беларусі падвышаецца ўтрая хутчэй, чым на зямным шары агулам. Гэта не анамальная зона - аналагічная сітуацыя назіраецца і ў суседніх краінах.
План навукоўцаў - не дапусціць падвышэння тэмпературы на Зямлі да 2100 года больш чым на 2 градусы. Для параўнання: толькі за апошнія 30 гадоў тэмпература ў Беларусі вырасла на 1,7 градуса. Дзіўна, але пацяпленне закранула не ўсе месяцы. Так, надвор'е ў траўні і кастрычніку застаецца стабільным цягам дзесяцігоддзяў. Стабільна капрызным.
Што да ападкаў, то іх колькасць павялічваецца. Гэта наўпроставае следства падвышэння тэмпературы. Але размяркоўваюцца яны не так, як хацелася б: у халодны час ападкаў становіцца больш, а вось у цёплы - менш. Так што доўгія засушлівыя перыяды ўлетку час вучыцца ўспрымаць не як анамалію, а як дадзенасць. Чаго яшчэ чакаць? Павелічэння колькасці зімовых адлігаў і гарачых дзён з тэмпературай, вышэйшай за +30 летам.
Дарэчы, у Белгідрамеце адзначылі, што дакладнасць прагнозаў надвор'я на наступны дзень павысілася. Напрыклад, па абласцях у 2021 годзе яна была 97,8%, а ў 2022-м - 98,2%. Рэалістычныя прагнозы аб тым, якім будзе лета, даваць пакуль рана. Спойлеры ёсць толькі на найбліжэйшы час: на наступным тыдні давядзецца зноў памерзнуць.