BE RU EN

СМІ: Афіцэраў ГРУ, якія ўзначальвалі офісы «Аэрафлота» па ўсім свеце, кінулі на вайну

  • 9.06.2023, 15:57

Траціну прадстаўніцтваў кампаніі за мяжой узначальвалі кадравыя афіцэры ГРУ.

Прадстаўніцтвы найбуйнейшай расейскай авіякампаніі «Аэрафлот» ва ўсім свеце ўзначальвалі прадстаўнікі ГРУ і КДБ. Журналісты The Insider распавялі, што пасля пачатку вялікай вайны частку з гэтых «прадстаўнікоў» адправілі назад у Расею і кінулі на вайну супраць Украіны.

У матэрыяле адзначаецца, што дзясяткі афіцэраў Першай галоўнай управы КДБ і ГРУ шпіёнілі пад «Аэрафлотам» яшчэ пры СССР. У асноўным, піша Insider, яны займалі пасады прадстаўнікоў за мяжой, пілотаў, бортмеханікаў і сцюардэс.

Са звестак журналістаў, да пачатку поўнамаштабнай вайны супраць Украіны траціну прадстаўніцтваў «Аэрафлота» за мяжой узначальвалі кадравыя афіцэры ГРУ. Заробак гэтыя «прадстаўнікі» атрымлівалі ад ГРУ, а офісы, жыллё і транспартныя выдаткі ім плаціла авіякампанія.

Да прыкладу, офіс «Аэрафлота» ў Вене ўзначальваў Вадзім Каламыйчанка, які да гэтага пад выглядам супрацоўніка авіякампаніі шпіёніў у Дэлі і Венецыі, здабываючы сакрэты, звязаныя з вайсковай авіяцыяй.

Пасля таго як ЕЗ закрыў неба для расейскіх самалётаў, Каламыйчанка быў вымушаны вярнуцца ў Расею.

Са слоў крыніцы The Insider у вайсковай разведцы, цяпер «Каламыйчанку перакінулі на ўкраінскі кірунак, але ён яшчэ не зусім акліматызаваўся пасля Еўропы і сноўдае дарма».

Офіс «Аэрафлота» ў Шанхаі ўзначальваў Сяргей Салаў, а ў Ганконгу - Максім Грэхаў.

Першы, са звестак журналістаў, вучыўся ў Кітаі ў вайскова-дыпламатычнай акадэміі, а другі - служыў у ГРУ ў марской пяхоце УС РФ.

У сакавіку 2022 года брыгада разам з іншымі акупантамі ўварвалася ва Украіну і вызначылася ў Гастомелі і Вуглядары. У баях яны страцілі больш за 30 чалавек забітымі і мноства баявой тэхнікі. Цяпер Грэхаў і Салаў знаходзяцца ў рэзерве.

Офісам у Дубаі кіруе Віталь Агурцоў. Крыніца The Insider у Дубаі паведаміла, што пасля пачатку поўнамаштабнай вайны «Агурцоў круціцца як вавёрка ў коле, паколькі акрамя аператыўных задач яму даручылі надаваць дапамогу расейскім абаронным прадпрыемствам у абыходзе санкцый».

Апошнія навіны