BE RU EN

Звальняюць легендарнага рэжысёра - аднаго з самых вядомых беларускіх культурных дзеячаў у свеце

  • 2.07.2023, 11:12

Ён зрабіў свой тэатр адным з найлепшых у краіне.

Чыноўнікі не падоўжылі кантракт з галоўным рэжысёрам Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Аляксеем Ляляўскім. Аб гэтым рэдакцыі zerkalo.io паведамілі чытачы.

Ляляўскі дапрацоўвае ліпень, пасля чаго сыдзе са сваёй пасады.

Аляксей Ляляўскі нарадзіўся ў 1957 годзе ў Менску. Ён - сын Анатоля Ляляўскага, аднаго з заснавальнікаў беларускага тэатра лялек.

Ляляўскі-малодшы скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. У 1979-1982 гадах працаваў рэжысёрам і памочнікам галоўнага рэжысёра ў літаратурнай частцы Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек (у Менску). У 1982-1986 гадах - галоўны рэжысёр Магілёўскага тэатра лялек. У 1986–1996 і з 1998 галоўны рэжысёр Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек.

Паставіў больш за 100 спектакляў. Сярод іх «Майстар і Маргарыта» па Булгакаву, «Тарцюф» Ж.-Б. Мальера, «Драй швестэрн», «Чайка. Вопыт прачытання» і «З Парыжам скончана!..» паводле п'ес Чэхава; «Ладдзя Роспачы» Караткевіча, «Ганэле» Гаўптмана, «Дзед і журавель» Вольскага, «Чаму старэюць людзі?..» Вярцінскага.

Працаваў у Расеі, Польшчы, Босніі і Герцагавіне, Нямеччыне, Нідэрландах, Літве, Славеніі. Кіраўнік міжнародных творчых майстэрняў тэатра лялек у Бельгіі, Фінляндыі, Польшчы, Нямеччыне і Іране. З'яўляўся мастацкім кіраўніком Міжнароднага фестывалю тэатраў лялек у Менску. Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь. Гэта адзін з самых вядомых беларускіх рэжысёраў у свеце.

У 1989-2006 гадах - дацэнт Беларускай акадэміі мастацтваў, якія выхавалі многіх беларускіх рэжысёраў і актораў.

Як адзначаюць спецыялісты, Ляляўскі - «адзін з тых рэжысёраў, з чыім імем звязаны новы этап развіцця беларускага тэатра лялек, яго выхад на міжнародны ўзровень. Свае працы характарызуе як «эстэтыку татальнага тэатра», сумяшчаючы прыёмы і выразныя сродкі не толькі тэатра лялек, але і жывога плана, музычнага і пластычнага мастацтва. Яго спектаклі — стыхія гульні і гратэску, прасякнутая змрочным гумарам і скептыцызмам».

Раней, восенню 2022 года на пенсію адправілі Яўгена Клімакова, які з 1985 года з'яўляўся дырэктарам Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек.

Апошнія навіны