Аляксандр Фрыдман: Выхадзец з наменклатуры можа адправіць Лукашэнку ў Гаагу
- 21.07.2023, 22:06
Над беларускім правадыром згушчаюцца хмары.
Палітолаг і гісторык Аляксандр Фрыдман у інтэрв'ю сайту Charter97.org пракаментаваў скасаванне паездкі Пуціна на саміт БРІКС у Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку, дзе яго мог чакаць арышт паводле ордэру Міжнароднага крымінальнага суда, а таксама ацаніў перспектывы трапляння Лукашэнкі ў Гаагу:
- Давайце пачнём са скасавання паездкі Пуціна на саміт БРІКС у ПАР. Чаму кіраўнік Крамля не паехаў на саміт?
- Думаю, ПАР не змагла ці не захацела даць гарантыі. Паўднёвая Афрыка - дэмакратычная дзяржава, у іх гэтая тэма стала ўнутрыпалітычнай, апазіцыя надумала ёй скарыстацца. Апазіцыя выстаўляла патрабаванні, каб Пуцін быў арыштаваны, каб урад патлумачыў, як сябе будзе паводзіць.
Прэзідэнт Сірыл Рамафоса рабіў супярэчлівыя заявы. З аднаго боку - ён не бачыць прычын, чаму быў выдадзены ордэр, а з другога - што яго давядзецца выканаць. Чаму гэта выглядала дзіўна? У выпадку ПАР быў прэцэдэнт. Гэтую краіну наведваў тагачасны прэзідэнт Судана аль-Башыр, супраць якога быў выдадзены ордэр. Тады ПАР праігнаравала ордэр і не арыштавала яго. Але гэта аль-Башыр, фігура не такога маштабу.
Я магу ўявіць, што на Паўднёвую Афрыку моцна ціснулі. Ім магло быць сказана, што калі яны прымуць Пуціна, ён трыумфальна прыедзе і з'едзе, то ў ПАР будуць праблемы. Заходнія краіны, найперш - ЗША, Вялікабрытанія і Еўразвяз, для іх вельмі важны партнёр. Таму ПАР з Еўрапейскім звязам задзірацца з гэтай нагоды не захацела.
Мяркуючы з усяго, улады Паўднёвай Афрыкі вялі кансультацыі з Масквой аб розных фарматах візіту, што Пуцін будзе ўдзельнічаць праз відэасувязь, а дэлегацыю ўзначаліць Лаўроў. А Расея, адпаведна, паспрабавала іх палохаць.
У Расеі і СССР ёсць старая традыцыя ў дачыненні да афрыканскіх краін. З аднаго боку - падкрэсліваюць, што з каланіялізмам нічога агульнага не маюць, з другога - расізм у дачыненні да афрыканскіх краін вельмі распаўсюджаны. Думаю, што ў Маскве яны разважалі такім чынам: "Хто яны ўвогуле там такія ў ПАР, каб ставіць нейкія ўмовы і нешта выказваць".
У выніку да агульнага назоўніка яны не прыйшлі, Паўднёвая Афрыка пастанавіла дзейнічаць на апярэджанне і заявіла сама, што Пуцін не прыедзе. Тут вельмi важна, хто гэта зрабiў. Заявіў пра гэта не Крэмль, а ПАР, Крамлю давялося гэта пацвярджаць. Таму Расея была не ў вельмі добрым становішчы, назавём гэта так. Цяпер яны спрабуюць усё дэзавуяваць: Пуцін паўнавартасна возьме ўдзел. Смешна ж. Так, яго будуць падключаць праз відэасувязь, але фізічна яго ў ПАР не будзе. Ордэр стварыў для яго рэальныя палітычныя праблемы. Пуціна гэта, мякка кажучы, не радуе.
- Ці моцна гэта стукнула па іміджы кіраўніка Крамля?
— Стукнула вельмі моцна. Бо яны казырыліся і смяяліся з Гаагі. “Калі Пуціна арыштуюць - мы адкажам і будзе вайна”. Аднак усё гэта разбілася аб скалу рэальнасці. Рэальнасць такая: Расея - ядзерная дзяржава, але нават Паўднёвая Афрыка, якая не з'яўляецца сусветнай звышдзяржавай, пастанавіла, што "Пуцін нам тут не патрэбны".
Гэта паказала Пуціну, што ён - выгнанец. Мабыць, гэта адная з самых буйных міжнародных параз Расеі з пачатку вайны.
- На гэтым тыдні ў выданні The Telegraph выйшаў артыкул аб датычнасці Лукашэнкі да выкраданняў украінскіх дзяцей. Наколькі гэтая гісторыя набліжае выдачу ордэра ад МУС?
- Над Лукашэнкам згушчаюцца хмары. Артыкул - гэта раз, рэзалюцыя Еўрапарламента з заклікам выдаць ордэр - два, ёсць яшчэ дзіўныя прызнанні Шаўцова і рэакцыя на іх Міжнароднага Чырвонага Крыжа. Усё гэта павялічвае імавернасць выдачы ордэра.
Калі б мы размаўлялі тыдзень таму, то я б сказаў, што тут 50 на 50. Цяпер ужо больш за 50% імавернасці, што ордэр будзе выдадзены. Ёсць, вядома ж, розныя аналітыкі, у тым ліку - у Расеі, якія мяркуюць, што ордэр на арышт Лукашэнкі непазбежны. Я так не думаю, але мяркуюць, што ён імаверны.
Для Лукашэнкі гэта больш непрыемна. Бо Пуцін стаіць на чале ядзернай звышдзяржавы. А Лукашэнка толькі крычыць, што ў яго ёсць ядзерная зброя, але ўсе разумеюць, што Беларусь - не ядзерная дзяржава. Гэта першы момант. Другі момант - многіх з тых, на арышт каго выдаваўся ордэр, ён ведаў асабіста. Гэта і Кадафі, і Мілошавіч, і згаданы ўжо мной аль-Башыр. Лукашэнка бачыў, чым іх лёс закончыўся.
Так, аль-Башыра дагэтуль не выдалі, ідзе гандаль, але зараз у Судане не да яго, там свае разборкі. Кадафі проста не паспелі выдаць, а Мілошавіч у Гаазе апынуўся.
Якраз сітуацыя з Мілошавічам, бо гэта Еўропа, Лукашэнку вельмі блізкая. Бо Лукашэнка, як любіць казаць, быў "занураны ў балканска-югаслаўскую тэматыку". Прыклад вельмі красамоўны. Бо сербскія ўлады пасля катастрофы рэжыму Мілошавіча развязалі адразу дзве праблемы. З аднаго боку - выдалі яго і атрымалі стасункі з ЕЗ, адкрылі для сябе еўрапейскую перспектыву, а з другога - пазбавіліся ад моцнага палітычнага супраціўніка.
Думаю, што Лукашэнка ў стане перанесці сітуацыю Мілошавіча на сваю. Нават калі наступным кіраўніком Беларусі будзе чалавек з наменклатуры, калі будзе выдадзены ордэр, то з дапамогай выдачы Лукашэнкі можна будзе развязаць адразу некалькі праблем - і сябе абяліць, і дамовіцца з Захадам. Лукашэнка бачыць, з якімі праблемамі звязаны сам факт выдачы ордэра. Ён бы хацеў па свеце, куды запрашаюць, пакатацца. Думаць і разважаць "выдадуць - не выдадуць", "захопяць - не захопяць", ён бы не хацеў. Тут Пуцін пагражае ядзернай зброяй, каб паўдзельнічаць у саміце БРІКС, а чым будзе Лукашэнка пагражаць?
- Атрымліваецца, што імавернасць таго, што Лукашэнка апынецца ў Гаазе, вышэйшая, чым у выпадку Пуціна?
- Так, вядома. Чым слабейшая краіна, чым слабейшы палітык, тым больш шанцаў. У выпадку Расеі такога ніколі не было. Усё ж прэзідэнт ядзернай дзяржавы, ніхто не ведае, як гэта можа быць. А такія дыктатары, як Лукашэнка, і тут, і там атрымлівалі ордэры. Добра Мілошавіч, удзельнічаў у баявых дзеяннях, войны пачынаў, адказны за этнічныя чысткі. Але ў маштабах Сербіі і Беларусі - радыкальных адрозненняў няма. Як і з афрыканскімі краінамі. Таму прывезці такую фігуру ў Гаагу значна лягчэй.
- Калі Лукашэнка баіцца ордэра на арышт, чаму тады адкрыта прызнаецца ў тым, што ўдзельнічаў у вывазе дзяцей, чаму не дасць каманду замаўчаць усім гэтым Талаям, Шаўцовым, Груздзевым і гэтак далей?
- Мне здаецца, што ідзе гульня. Яны выдатна разумеюць, што пытанне ордэра - гэта пытанне доказнай базы, юрыдычнае пытанне. Чаму быў выдадзены ордэр на арышт Пуціна? Яго падставіла Львова-Бялова, якая на кожным кроку падкрэслівала, што "гэта зрабіў Пуцін". У Беларусі яны пайшлі іншым шляхам. Талай і Шаўцоў бяруць усё на сябе, яны не гавораць: мы выканалі волю Лукашэнкі. Асабліва цікавыя заявы Шаўцова. Ён актывізаваўся ў сувязі з магчымым ордэрам. Думаю, задача Шаўцова - узяць максімальную адказнасць на сябе. Для гэтага яны будуць выкарыстоўваць і Талая. Маўляў, добра, вось для гэтых дваіх выдавайце ордэры, а Лукашэнку не чапайце.
- Давайце змадэлюем сітуацыю, пры якіх умовах беларускі правадыр мог бы паўстаць перад МУС?
- Умовы вельмі простыя. Калі будзе змена ўлады ў Беларусі ці ён будзе арыштаваны дзесьці за межамі краіны.