У Вішневе Алесь Пушкін аднавіў фігуру Хрыста, якая мае незвычайную гісторыю
- 23.07.2023, 18:00
Мастак пакінуў выбітную спадчыну.
Беларусы працягваюць збіраць архівы работ мастака і іканапісца Алеся Пушкіна, які памёр у зняволенні пры нявысветленых абставінах у ноч на 11 ліпеня, адзначае katolik.life.
З'яўляюцца і новыя здымкі з храмаў, дзе засталася спадчына Алеся. Нагадаем, ён займаўся афармленнем касцёлаў (фота) у Магілёве, Вішневе, Міхалішках, Бярэзінскім, капліцы Святога Яна Хрысціцеля ў Менску.
Адна з самых аб'ёмных работ Алеся Пушкіна — аднаўленне старажытнага касцёла Наведвання Прасвятой Дзевы Марыі ў Вішневе, дзе ў 2024 годзе адзначаць 600-годдзе парафіі. З гэтым незвычайным прыгажосцю храмам звязаны многія вядомыя асобы і падзеі. Нават пры камуністычнай уладзе ў храме праводзілі набажэнствы, больш за тое: з 1953 года – па-беларуску. Менавіта тут працаваў ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі і перакладаў Біблію і Катэхізіс на беларускую мову.
Храм - помнік архітэктуры, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, - патрабаваў грунтоўнага аднаўлення, і ў 2011 годзе навукова-метадычная рада Міністэрства культуры прызначыла кіраўніком рэстаўрацыйнага праекта касцёла Алеся Пушкіна.
Падчас яго работы, якая доўжылася некалькі гадоў, тут былі адрэстаўраваныя бакавыя капліцы, абноўлены жывапіс, скульптуры, іконы, распісаны алтары. З’явіліся і некаторыя новыя аўтарскія працы, якія выканаў Алесь Пушкін.
Гэта вітраж з выявай Маці Божай Балеснай ды ікона святой Гертруды Вялікай. Здымкі гэтых работ раней не публікаваліся.
Акрамя таго, у Вішневе Алесь Пушкін аднавіў фігуру Ісуса Хрыста з вулічнага крыжа, які знішчылі камсамольцы ў пасляваенны час. Драўляную скульптуру, выразаную мясцовым майстрам, выпадкова знайшлі ў возеры больш чым праз 50 гадоў.
«Скульптура была моцна пашкоджаная. Не засталося рук. І мастак па-свойму пераасэнсаваў і даў другое жыццё выяве. Адрэстаўраваў і ўклаў у раму на белым саматканым абрусе», — распавядала адно з выданняў.