BE RU EN

Наталля Радзіна: Аповеды родзічаў беларускіх палітычных вязняў выклікалі ў Брусэлі шок

  • 26.07.2023, 14:17

У Беларусі адбываецца гуманітарная катастрофа.

У Брусэлі расказалі ўсю праўду пра беларускіх палітычных вязняў.

Галоўная рэдактарка сайту Charter97.org Наталля Радзіна, Марына Адамовіч — жонка лідэра беларускай апазіцыі Мікалая Статкевіча, Андрэй Шарэнда — муж актывісткі грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Паліны Шарэнды-Панасюк правялі шэраг двустаронніх сустрэч з дэпутатамі Еўрапейскага Парламента і дыпламатамі ЕЗ.

Наталля Радзіна і Андрэй Шарэнда

Як еўрапейскія палітыкі адрэагавалі на гісторыі родзічаў палітычных вязняў? Пра гэта ў інтэрвію сайту Charter97.org расказала Наталля Радзіна.

- Пра сітуацыю з беларускімі палітычнымі вязнямі ў Брусэлі апавядалі муж актывісткі грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Паліны Шарэнды-Панасюк Андрэй Шарэнда і жонка лідэра беларускай апазіцыі Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч. Чаму было важна, каб іхні голас быў пачуты?

- Справы Паліны Шарэнды-Панасюк і Мікалая Статкевіча маюць вялікую важнасць. Па-першае, іхняму жыццю сёння пагражае рэальная небяспека. Па-другое, іхнія справы паказальныя, яны дэманструюць катастрафічную сітуацыю, якая сёння склалася з палітычнымі зняволенымі ў Беларусі.

Мікола Статкевіч вось ужо больш за тры гады знаходзіцца ў камеры-адзіночцы. Ён прысуджаны да 14 гадоў асаблівага рэжыму. Фактычна, гэта смяротны прысуд, бо больш за 10 гадоў асаблівага рэжыму мала хто вытрымлівае.

Мы ведаем, што ў дачыненні да Мікалая выкарыстоўваюцца разнастайныя метады ціску. Ён знаходзіцца ў калоніі ў месце Глыбокім у камеры 1 на 3 мэтры ў абсалютнай ізаляцыі. Гэта склеп будынка былога кляштара 18-га стагоддзя.

Мікалая часта змяшчаюць у штрафны ізалятар, дзе варункі яшчэ горшыя, чым у адзіночнай камеры. Апошнія паўгода (больш за 160 дзён) ягоная жонка Марына Адамовіч зусім нічога пра яго не ведае. Ад яго няма ніякіх лістоў, а сустрэчы з адвакатам і з жонкай — забароненыя.

МІКАЛАЙ СТАТКЕВІЧ

Больш за тое, мы ведаем, што ў турме Мікола Статкевіч чатыры разы перахварэў на ковід. У яго ўзніклі сур'ёзныя праблемы з сэрцам, але жонка не можа яму адправіць у турму нават лекі. Усе бандэролі з медычнымі прэпаратамі вяртаюцца назад.

Напраўду сітуацыя жахлівая, аб ёй трэба крычаць. Мікола Статкевіч з'яўляецца рэальным лідэрам беларускай апазіцыі. Усе 30 гадоў, якія Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе, Мікола з ім змагаецца. За час уладарання дыктатара ён ужо больш за 10 гадоў правёў за кратамі.

Але, на жаль, ягонае імя не часта з'яўляецца ў нейкіх заявах заходніх палітыкаў, міжнародных арганізацый, таго ж Еўрапарламента. Таму неабходна было звярнуць увагу на ягоны лёс.

Сітуацыя з Палінай Шарэндай-Панасюк таксама патрабуе сур'ёзнай увагі і неадкладнай рэакцыі. Гэтую гераічную жанчыну сёння проста забіваюць. Мы ведаем, што толькі за апошнія 10 месяцаў яна правяла больш за 200 дзён у штрафным ізалятары. Пры росце 170 см Паліна сёння важыць 47 кг. Страшна ўявіць, у якім яна цяпер стане.

Калі мы былі на сустрэчы ў Еўрапарламенце, стала вядома, што Паліну яшчэ і моцна збілі ў так званай "прэс-хаце". Падкрэслю, што яна знаходзіцца ў адной з самых жорсткіх жаночых турмаў у краіне — калоніі №24 у паселішчы Зарэччы Гомельскай вобласці. Варункі там страшэнныя.

Мы ведаем, што Паліна атрымала сур'ёзныя траўмы, у яе зламаная рабрына. Тут таксама пытанне жыцця і смерці.

Разумею, як складана было расказваць сваякам пра лёс блізкіх, але гэта неабходны крок. Бо адна рэч, калі еўрапейскія палітыкі проста чытаюць прозвішчы вязняў сумлення, нейкае кароткае выкладанне іхніх спраў, а іншая рэч, калі глядзяць у вочы блізкім беларускіх палітычных вязняў. Выслухоўваюць гісторыі, якія яны расказваюць са слязамі на вачах. Гэта, вядома ж, робіць зусім іншы ўплыў.

ПАЛІНА ШАРЭНДА-ПАНАСЮК

— Вы згадалі, што даведаліся пра збіванне Паліны Шарэнды-Панасюк, калі былі ў Еўрапарламенце. Як на гэтую навіну адрэагавалі еўрапейскія палітыкі?

- Усе былі шакаваныя, выказвалі жаданне неадкладна дзейнічаць. Еўрапейскія парламентарыі адразу пачалі рабіць публічныя заявы пратэсту ў сувязі са збіваннем і катаваннямі Паліны Шарэнды-Панасюк, а таксама ў дачыненні да ізаляцыі Мікалая Статкевіча. Рэакцыя была імгненнай.

Мы атрымалі запэўніванні, што ў канцы жніўня Еўрапарламент будзе рабіць актыўныя дзеянні для таго, каб ціснуць на беларускія ўлады з мэтай вызвалення ўсіх палітычных зняволеных.

Разумею, што вельмі шмат хто з родзічаў палітычных вязняў сёння баіцца гучна гаварыць пра лёс сваіх блізкіх. Але вельмі важна, каб тыя, хто ўжо знаходзіцца за мяжой або можа выязджаць, расказвалі пра справы сваіх блізкіх.

Cітуацыя найцяжкая. Нас яшчэ прымусіла неадкладна прыехаць смерць Алеся Пушкіна. У Еўрапарламенце мы казалі, што ведаем толькі аб пяці смерцях палітычных вязняў за апошні год. Але трэба ўлічваць, што мы не маем інфармацыі пра агульную колькасць вязняў сумлення, бо тыя паўтары тысячы, якія называюць праваабаронцы «Вясны», — гэта кропля ў моры, верхавіна айсбэрга. Гэтыя лічбы трэба памнажаць у тры, чатыры, а то і ў пяць разоў.

АЛЕСЬ ПУШКІН

Мы нават не ведаем, колькі палітычных вязняў за гэтыя амаль тры гады памерлі ў беларускіх турмах. Гэта проста генацыд, гуманітарная катастрофа. Сёння трэба крычаць на ўвесь свет, інакш мы страцім найлепшых людзей. Людзі, якія знаходзяцца ў турмах, сапраўды нашы героі, гэта сапраўдныя лідары апазіцыі і наша будучыня.

- Выходзіць, што ў Еўрапарламенце ўсе цвёрдаа настроеныя? Ці не чулася галасоў, што «трэба пачаць гандаль палітычнымі вязнямі», «размаўляць з рэжымам»?

- Адназначна не. Абсалютная большасць выступала за ўзмацненне санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі. Нас запэўнілі, што не будзе ніякага аслаблення санкцыйнага рэжыму, пакуль не будуць вызваленыя ўсе палітычных вязні.

Нам не сустрэўся ніводзін еўрапейскі парламентарый або дыпламат, які выступіў бы за зняцце санкцый. Наадварот, ёсць разуменне, што толькі ўзмацненне ціску можа дапамагчы вызваліць людзей з турмаў.

- Што асабліва здзівіла еўрапейскіх палітыкаў у аповедах аб сітуацыі з беларускімі палітычнымі вязнямі?

- Паняцці «турма», «ізалятар» на Захадзе і ў Беларусі – зусім розныя. Тым самым еўрапейскім палітыкам трэба было тлумачыць, што такое беларуская турма і, напрыклад, штрафны ізалятар.

Калі яны чытаюць у навінах аб тым, што палітычны вязень змешчаны на працяглы тэрмін у штрафны ізалятар, ім гэта ні пра што не гаворыць. Нашы апавяданні аб тым, што такое штрафны ізалятар у беларускіх варунках, выклікалі шок.

Паліна Шарэнда-Панасюк правяла больш за 200 дзён у штрафным ізалятары ў калоніі Зарэчча. Нават мужчыны часта не вытрымліваюць больш за 10 дзён. Яны кажуць, што гэта невыносна цяжкае выпрабаванне. Паліна ж правяла 200.

- Якія там варункі?

- Штрафны ізалятар — гэта каменны мех без акна, свежага паветра, дзе ў палітычнага вязня адбіраюць усе рэчы. Ён застаецца ў робе з тонкай тканіны. З рэчаў яму дазваляецца браць толькі зубную шчотку, мыла і ручнік.

Нават зубы даводзіцца чысціць мылам. Няма ракавіны з вадой, туалета, 1-2 разы на дзень выводзяць для гігіенічных працэдур. Жанчынам не перадаюць ніякія неабходныя прадметы гігіены. Забароненыя кнігі, папера, асадка.

Мы ведаем, што шмат якія зняволеныя там проста вар’яцеюць. Гэта сапраўднае сярэднявечча. Людзі ў Еўропе нават не ўяўляюць, што такое можа быць зусім побач. Беларусь — гэта не Куба, яна зусім блізка, а з людзей такім чынам здзекуюцца.

Калі мы расказвалі, з якімі дыягназамі сёння ўтрымліваюцца ў турмах людзі, у палітыкаў быў шок. Бо шмат хто знаходзіцца з анкалагічнымі або цяжкімі хранічнымі захворваннямі.

Напрыклад, актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Войніч, якому неабходная пільная перасадка пячонкі. Калі аперацыя не будзе праведзеная, то ён можа памерці праз год.

АНДРЭЙ ВОЙНІЧ

Мы ведаем, што палітычны вязень Аляксандр Францкевіч, пра якога чатыры месяцы нічога не вядома, знаходзіцца ў зняволенні з адной ныркай. Ягонаму жыццю таксама пагражае небяспека.

Ксенія Луцкіна, як мы ведаем, з ракам мозгу. Павал Кучынскі, пра якога таксама даўно не было ніякай інфармацыі, знаходзіцца ў турме з чацвёртай стадыяй раку. Ці жывы ён?

У Галіна Дзербыш інваліднасць другой групы, анкалагічнае захворванне і праблемы з сэрцам. Уладзімір Гундар — інвалід без нагі.

Таксама мы заклікалі еўрапейскіх палітыкаў звярнуць увагу на выпадкі Вікторыі Кульшы, Алены Лазарчык, Алеся Бяляцкага, Мікалая Аўтуховіча, Віктара Бабарыкі, Максіма Знака, Марыі Калеснікавай, Андрэя Войніча, Паўла Севярынца, Вольгі Залатар, Яўгена Афнагеля, Максіма Вінярскага, Рыгора Кастусёва ды іншых.

РЫГОР КОСТУСЕЎ

У заявах часта называюцца прозвішчы трох, чатырох, пяці вязняў сумлення, а шмат якія палітычныя вязні апынуліся проста ў забыцці.

- Падчас вашай выправы з'явілася інфармацыя аб тым, што супраць рэжыму Лукашэнкі будуць уведзеныя новыя санкцыі. На Вашу думку, якіх санкцый супраць беларускага дыктатара сёння не стае?

- На жаль, тут я магу сказаць, што наўрад гэта будуць тыя сур'ёзныя санкцыі, якія неабходна ўводзіць. Не хачу цяпер забягаць наперад, але тое, што я пачула, не зможа пераламаць сітуацыю.

Неабходна, вядома, чыніць больш сур'ёзны ціск на рэжым Лукашэнкі, каб вызваліць палітычных зняволеных. Бо гэтыя кволыя захады, увядзенне санкцый "лыжачкай", не робіць аніякага ўплыву.

Апроч эканамічных санкцый, якіх недастаткова, якія сёння абыходзяцца ў масавым парадку, ёсць персанальныя санкцыі, якія таксама далёкія ад дасканаласці. Напрыклад, у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў сёння, нягледзячы на ўвесь жах, санкцыі меншыя, чым былі ўведзеныя пасля разгону мірных дэманстрацый у 2010-м годзе.

Тады санкцыі былі ўведзеныя ў дачыненні да трохсот суддзяў, пракурораў і чыноўнікаў, а цяпер – блізу дзвесце, але маштаб рэпрэсій проста не параўнальны.

Падам як прыклад абсалютна абсурдную сітуацыю, пачутую ад былога палітычнага вязня, які цяпер жыве ў Літве: ён не так даўно, шпацыруючы па гандлёвым цэнтры «Акропаліс» у Вільні, сустрэў суддзю, які вынес яму прысуд. Вось такія санкцыі ўведзеныя ў дачыненні да беларускага рэжыму. Таму, вядома ж, неабходна ўзмацняць ціск.

Падам статыстыку: паводле звестак праваабаронцаў у 2021-м годзе штомесяц праводзілася пад сотню палітычна матываваных арыштаў. А ўжо ў 2023-м годзе — 700. На працягу трох гадоў рост рэпрэсій у сем разоў.

Па-першае, гэта сведчыць аб тым, што адсутнасць рэакцыі, адсутнасць ціску на рэжым Лукашэнкі, прычыняецца толькі да ўзмацнення рэпрэсій. З іншага боку — людзі не змірыліся, гэта паказвае страх дыктатара, наколькі ён баіцца, наколькі Лукашэнка разумее, што людзі яго ненавідзяць.

Апошнія навіны