Палітолаг: Дзясяткі тысяч беларусаў могуць схадзіць на «экскурсію» ў Менск
- 27.07.2023, 19:10
Лукашэнка дарма падыгрывае расейскім спецслужбам.
Вядомы ўкраінскі палітолаг, кіраўнік Цэнтра практычных палітычных даследаванняў «Пента» Уладзімір Фясенка пракаментаваў сайту Charter97.org апошнія антыпольскія заявы Пуціна і Лукашэнкі:
- Лукашэнка падыгрывае Пуціну і расейскім спецслужбам. Яго заява аб «экскурсіі» «вагнераўцаў» на Жэшуў і Варшаву — без усялякіх сумневаў ІПСА (інфармацыйна-псіхалагічная спецыяльная аперацыя — заўв.).
Па-першае, аб гэтым заяўлена на такім высокім узроўні без фармальнай нагоды. Лукашэнка выступіў тут спікерам у сваім традыцыйным стылі — стэндапера, які не рэалізаваўся. Скажу, што ён вельмі зручны аб'ект для розных пародый.
Пакуль гэта больш жахалка, відавочнае імкненне напалохаць не столькі Польшчу, колькі заходнееўрапейскія эліты, маўляў, вайна можа зацягнуцца, а самае галоўнае - у Расеі могуць пайсці на атакі супраць краін NАТО.
У NАТО ж існуе палітычная ўстаноўка - пазбягаць прамога вайсковага сутыкнення з Расеяй. У РФ пра гэта выдатна ведаюць, таму хочуць «палохаць», але ў форме гібрыднай вайны.
Маўляў, вас не Расея будзе атакаваць, а «вагнераўцы». Што вы тады будзеце рабіць?
Па-другое, у расейскіх Telegram-каналах актыўна абмяркоўваецца версія аб тым, што Пуцін нібыта можа паспрабаваць выкарыстаць вайсковыя правакацыі супраць Польшчы ў якасці адной з тэм для сваёй прэзідэнцкай кампаніі.
Не атрымалася маленькай пераможнай вайны супраць Украіны, вось яны хочуць папалохаць Польшчу. Гэта будзе такі фактар пагрозы вайсковага канфлікту з краінамі NАТО. Хай не прамога, ускосна, у фармаце гібрыднай вайны, але нібы гэта можа быць, падкрэслю, адной з тэм перадвыбарнай кампаніі.
Асабіста я пакуль да гэтага стаўлюся са скепсісам. Выбары яшчэ не хутка (толькі ў сакавіку 2024-га года). Ды і як паказала няўдалая вайна Пуціна супраць Украіны, няма ніякіх гарантый хуткай перамогі. Проста правакацыя не будзе мець вялікага палітычнага эфекту.
- На якую аперацыю тады яны могуць пайсці?
- Магчымыя прымежныя правакацыі з удзелам «вагнераўцаў». Як на мяжы з Украінай, гэтак і на мяжы з Польшчай, Літвой і нават Латвіяй.
Адзначу, што «вагнераўцы» ў іх цяперашняй колькасці, без цяжкага ўзбраення, пасуюць толькі для памежных правакацый: памежных баёў, нейкіх вылазак, каб стварыць эфект нестабільнасці, эфект баявых дзеянняў.
Зайшлі, пашумелі, відэа выклалі і сышлі. Гэта, скажам так, капіяванне таго, што рабілі расейскія добраахвотнікі ў Белгарадскай вобласці. На ўсялякі выпадак трэба рыхтавацца да такіх правакацый.
Дарэчы, для вялікіх вайсковых дзеянняў той колькасці «вагнераўцаў», якая зараз знаходзіцца ў Беларусі, вельмі мала. Звесткі розныя, але максімум, што можа быць, гэта баявы склад «вагнераўцаў», якія ўдзельнічалі ў рэйдзе на Растоў і Маскву. Гэта максімум восем тысяч.
Мяркуючы з лагеру пад Асіповічамі, які зараз пастаянна паказваюць, ён разлічаны прыкладна на такую колькасць. Цяжкай тэхнікі ў іх няма. Яны прывезлі з сабой транспарт, прычым, гаворка ідзе пра «буханкі» і падобнае. З ваеннай тэхнікі толькі лёгкія браняваныя машыны.
- Палякі рыхтуюцца, умацоўваюць мяжу. У выпадку правакацый, што чакае «вагнераўцаў»?
- Палякі жорстка адрэагуюць, і правільна зробяць. Калі Лукашэнка разам з Пуціным пачалі палохаць Захад, то, думаю, што Варшава, Бэрлін і Брусель (штаб-кватэра NАТО) павінны жорстка папярэдзіць менавіта Крэмль. Лукашэнку таксама, але тут вызначальная роля належыць Крамлю. Трэба папярэдзіць іх, што адказ будзе вельмі цвёрдым.
У выпадку нападу з тэрыторыі Беларусі, удар можа быць нанесены па месцах дыслакавання тых жа самых «вагнераўцаў» на тэрыторыі краіны.
З боку Украіны такія папярэджанні ўжо прагучалі. Павінны быць і з боку Польшчы, кіраўніцтва NАТО і некаторых буйных еўрапейскіх краін. ЗША таксама павінны папярэдзіць, што гэтая авантура будзе мець вельмі сур'ёзныя наступствы.
Заадно Лукашэнку трэба нагадаць, што і ва Украіне, і ў Польшчы знаходзяцца дзясяткі тысяч беларусаў, якія таксама могуць здзейсніць «экскурсію» ў Менск. «Ваенторг» для такіх мэт заўсёды будзе адкрыты.
Фармат гібрыднай вайны можа быць скарыстаны не толькі Пуціным і Лукашэнкам, але і супраць іх.
Упэўнены, што полк імя Кастуся Каліноўскага з задавальненнем зробіць «экскурсію» ў Менск, калі з'явіцца такая магчымасць.