Пад Віцебскам распрацоўваюць вакцыну ад алкагалізму
- 18.09.2023, 18:58
Што вядома.
Пад Віцебскам працуюць над распрацоўкай вакцыны ад алкагалізму. Паводле слоў дырэктара навуковага інстытута «БелВітуніфарм» Аляксандра Ляхоўскага, прафілактыка алкагалізму застаецца актуальнай і не з'яўляецца новым кірункам у галіне аховы здароўя, паведамляе vitvesti.by.
У паведамленні гаворыцца, што ў аснове вакцыны ад алкагалізму ляжыць прынцып стварэння ў арганізме чалавека моцных дыскамфортных станаў, якія ўзнікаюць падчас ужывання алкаголю. Акрамя таго, размова ідзе пра стварэнне ўмоў, якія зніжаюць шкоднае ўздзеянне алкаголю, а таксама прадуктаў яго распаду. У выніку ў чалавека фармуецца агіда да алкагольных напояў.
Са слоў Ляхоўскага, у арганізацыі ёсць досвед працы з рознымі лекавымі сродкамі. Гэта як класічныя вакцыны, так і сучасныя плазмідныя прадукты, якія выкарыстоўваюцца для лячэння жанчын з анказахворваннямі.
- Усе гэтыя веды і закладваюцца ў аснову распрацовак для стварэння антыалкагольнай вакцыны.
Ён заўважыў, што праца пакуль знаходзіцца на пачатковым этапе. У час гэтага працэсу навукоўцы актыўна ўзаемадзейнічаюць з практыкуючымі лекарамі, якія займаюцца лячэннем ад алкагольнай залежнасці. Тэрміны з'яўлення вакцыны ў шырокім доступе пакуль не агучваюцца.