BE RU EN

Беларускі лекар раскрытыкаваў чарговую інструкцыю Міністэрства аховы здароўя

  • 21.09.2023, 16:17

Міфа аб бясплатнай і даступнай медыцыне больш не існуе.

Учора адбылося афіцыйнае пахаванне міфа аб бясплатнай і даступнай медыцыне ў Беларусі, распавядае «Белым халатам» лекар Станіслаў Салавей.

Гэта прайшло неўзаметку. На фоне навін з Украіны, вайны ў Карабаху, судзе над членам «эскадронаў смерці» ў Швэйцарыі, цяжка было заўважыць чарговую інструкцыю ад Міністэрства аховы здароўя Беларусі: «Пра парадак надання медыцынскай дапамогі ў амбулаторных, стацыянарных умовах, ва ўмовах аддзялення дзённага знаходжання, а таксама па-за межамі арганізацыі аховы здароўя».

А гэта важны і прынцыповы дакумент, які трэба ўдумліва чытаць і разумець, што менавіта стаіць за гэтымі радкамі.

Глядзім пункт 15:

«Пры наданні медыцынскай дапамогі ў амбулаторных умовах у форме планавай медыцынскай дапамогі тэрмін чакання:

…выканання інструментальных і іншых даследаванняў складае не больш за 90 працоўных дзён з дня іх прызначэння, а пры падазрэнні на анкалагічнае захворванне – не больш за 45 працоўных дзён;

пачатку лячэння…, складае не больш за 30 працоўных дзён з дня гісталагічнага пацверджання дыягназу анкалагічнага захворвання гэтаму пацыенту».

Гэта не нешта незвычайнае і не азначае, што раней, чым праз 45 працоўных дзён на МРТ вы не патрапіце, а аперацыю вам зробяць не раней, чым праз 30 дзён. Аднак, фактычна, улады афіцыйна пацвердзілі тое, што і так было ўсім вядома - у Беларусі існуюць праблемы з даступнасцю медыцынскай дапамогі, асабліва ў невялікіх гарадах ці вёсках. Цяпер на пярэчанне людзей, чаму яны павінны чакаць 3-4 месяцы калонаскапіі або УГД сэрца, будзе адказ, што ўсё паводле закона.

Але не гэта злуе. Бо прызнаць праблемы і паспрабаваць упарадкаваць сістэму - гэта правільныя крокі. Але раздражняе тое, што ў беларускай ахове здароўя засталіся бессэнсоўныя архаізмы, якія не нясуць нічога карыснага, а з'яўляюцца проста разбазарваннем і так дэфіцытнага рэсурсу. На фоне вялізнага адтоку медыкаў з краіны, сістэмных перапрацоўках і іншых агульнавядомых рэаліях, Міністэрства аховы здароўя пакінула практыку выкліку лекара на дом пры ўсякім чыху чалавека.

Пункт 48:

«Выхад медыцынскага работніка па месцы жыхарства (месцы знаходжання) пацыента ажыццяўляецца ў выпадках:

⁃ выяўленых і рэзка выяўленых абмежаванняў жыццядзейнасці пацыента;

⁃ вострых захворванняў пацыента».

Да першага пункта пытанняў няма, але вось пад другі трапляе востры рыніт (соплі), востры ларынгіт (кашаль) і ўсякае іншае захворванне з тых, якія часта нават не патрабуюць кансультацыі лекара і ніяк не перашкаджаюць паходу ў паліклініку.

Тут напрошваецца адна выснова: для гэтай сістэмы медыкі з'яўляюцца расходным матэрыялам, у разы таннейшым, чым МРТ або УГД.

Апошнія навіны