BE RU EN

WSJ: УСУ прарвалі галоўную лінію абароны РФ на Поўдні

  • 22.09.2023, 9:58

Украінская панцырная тэхніка змятушыла расейскія ўмацаванні каля Вярбовага.

Узброеныя сілы Украіны прарваліся праз галоўную лінію абароны РФ каля Рабоціна. Цяпер там ідуць вельмі цяжкія баі.

Аб гэтым паведамляе выданне Wall Street Journal. Паводле высноў аўтараў публікацыі ўкраінская панцырная тэхніка змагла ўпершыню за час контрнаступу прарвацца праз асноўную лінію абароны арміі РФ каля паселішча Вярбовага, размешчанага непадалёк ад Рабоціна.

Інфармацыя аб сітуацыі на фронце, прадстаўленая журналістамі з Wall Street Journal (WSJ), грунтуецца на інтэрв'ю, праведзеных з украінскімі вайскоўцамі, якія знаходзяцца ў гэтым рэгіёне.

Выданне паведамляе, што ўкраінскія ўзброеныя сілы змаглі паспяхова пераадолець супрацьтанкавыя перашкоды, у тым ліку равы і бетонныя «зубы цмока», што дазволіла ім правесці панцырную тэхніку праз расейскія абарончыя пазіцыі. Гэтую інфармацыю пацвердзіў адзін з украінскіх вайскоўцаў.

«Прарыў невялікі, і за гэтую дзялянку ідуць лютыя баі. Расейцы дратуюць абшар артылерыяй і ідуць у контратакі. Украінцы нясуць цяжкія страты», — апісваюць сітуацыю карэспандэнты WSJ.

Тым не менш, паводле слоў украінскага афіцэраў, калі Узброеныя сілы Украіны здалеюць замацаваць свой поспех на гэтай дзялянцы, яны могуць разгледзець магчымасць уводу большай колькасці цяжкай тэхнікі праз прарыў у лініі абароны і накіравацца на менш абароненыя тэрыторыі. Важна адзначыць, што частка тэхнікі, якая прарвалася, ужо была знішчаная.

Выданне нагадвае, што галоўная мэта Украіны на гэтай дзялянцы — паспрабаваць перацяць расейскую групоўку на левым беразе Дняпра, дайшоўшы да Азоўскага мора або ўсталяваўшы агнявы кантроль над калідорам у Крым.

«Мы прарываемся. Мы іх знішчаем. Але цана…», — сказаў газэце неназваны ўкраінскі вайсковец.

Выданне нагадвае, што спачатку ўкраінскія спробы прарвацца праз расейскую абарону закончыліся няўдала. Пасля Узброеныя сілы Украіны змянілі сваю тактыку, пачаўшы ашчадна абыходзіцца з тэхнікай і войскамі, ажыццяўляючы метадычнае знішчэнне расейскай артылерыі і баявых прыпасаў.

Тым часам невялікія групы ўкраінскіх вайскоўцаў наступалі ад адной лесапаласы да іншай.

У апошнія тыдні Украіне выпала павялічыць зону прарыву і вызваліць Рабоціна, але каля сяла Вярбовага расейскія сілы абараняюцца асабліва ўпарта.

Яны выкарыстоўваюць фосфарныя баявыя прыпасы, каб падпальваць пасадкі, у якіх знаходзяцца захопленыя ўкраінскімі войскамі акопы. У выніку ўкраінскім войскам даводзіцца пакідаць пазіцыі пад артылерыйскім агнём, сказаў газэце афіцэр УСУ.

Аднак УСУ ўсё ж рухаюцца наперад: яны адваёўваюць акопы і ўтрымліваюць іх пад артылерыйскім і танкавым агнём. Яны таксама адбіваюць пяхотныя контратакі.

Украінскія войскі таксама спрабуюць прасоўвацца на іншых частках гэтага сэктару фронту. Напрыклад, на поўдзень ад Рабоціна яны дасягнулі мяжы вёскі Новапракопаўкі.

"Новыя прарывы вымусяць расейскіх камандзіраў размяркоўваць пяхоту і артылерыю па фронце, і іх шчыльнасць зменшыцца", — сказана ў публікацыі.

Сітуацыю ў акопах адна з вайсковак апісала журналістам як «гармонік». Са слоў Алены Іваненкі з 47-й штурмавой брыгады, "калі мы прарываемся наперад, вораг спрабуе вярнуць страчанае".

Як кажа Іваненка, з расейскага боку першую лінію абароны часта абараняюць дрэнна падрыхтаваныя войскі. Але пасля таго, як УСУ захопліваюць гэтыя акопы, у контратаку ідуць больш прафесійныя штурмавыя падраздзяленні.

Расейскія войскі знясіленыя доўгімі і крывавымі баямі, высноўваюць аўтары публікацыі. Але Масква далей умацоўвае сваю абарону, у тым ліку будуе акопы перад абшарамі, дзе УСУ канцэнтруюць свае сілы.

Апошнія навіны