У Расеі рыхтуюцца да ўвядзення ваеннага становішча
- 22.09.2023, 10:16
Раскамнагляд пачаў серыю мерапрыемстваў.
Раскамнагляд надумаў праверыць гатоўнасць "значных аператараў сувязі" да пашкоджанняў і разбурэнняў магістральных сетак "у перыяд дзеяння ваеннага становішча".
Гэта вынікае з метадычных рэкамендацый ведамства ў арганізацыі супрацьдзеяння пагрозам працы збудаванняў і ліній сувязі, піша "Коммерсант" са спасылкай на дакумент.
Ацэньваць гатоўнасць аператараў да аварыйных сітуацый плануецца ў тым ліку па тым, ці абаронены паліўна-аліўныя матэрыялы, якія захоўваюцца на аб'ектах, і ці ўстаноўленыя антыдронавыя сістэмы.
У дакуменце асобна падкрэсліваецца: калі антыдронавых сістэм няма, то іх укараненне "павінна быць улічанае ў плане мерапрыемстваў".
Мадэляваць аварыі павінны будуць працоўныя групы, у якія ўвойдуць прадстаўнікі аператараў, Раскамнагляд і "зацікаўленыя органы ўлады".
У лік значных аператараў уключаны ўсе мабільныя аператары і ўладальнікі ўласных ліній сувязі. У МТС, "Вымпелкоме", "Мегафоне" і Tele2 распараджэнне Раскамнагляду не каментуюць.
Са слоў крыніцы ў адным з аператараў "вялікай чацвёркі", гаворка ідзе аб тым, каб кампаніі выпрацавалі парадак дзеянняў на выпадак нападаў на іх інфраструктуру. "Прыклад – травеньскі напад беспілотніка на інфраструктуру МТС у Краснадары, якая выклікала кароткачасовы збой у працы аператара", – растлумачыў суразмоўца.
Задача аператараў у тым, каб у выпадку, калі з-за атакі будзе пашкоджаная інфраструктура аднаго, іншыя "перахапілі яго абанентаў і забяспечылі сувязь", дадала крыніца.
Патрабаванні ў антыдронавай абароне інфраструктуры выглядаюць разумнымі для аб'ектаў, якія займаюць вялікія плошчы, напрыклад цэнтраў апрацоўкі звестак (ЦАД) і магістральных вузлоў сувязі, але не для асобных базавых станцый, адзначае аналітык профільнага тэлеграм-канала absoud62 Аляксей Бойка.
Паводле ягоных слоў, абсталяванне кожнай базавай станцыі сістэмамі знішчэння дронаў будзе немэтазгодным - як праз іх колькасць і шчыльнасць размяшчэння, так і з-за перашкод, якія сістэмы абароны могуць ствараць у рабоце абсталявання.
«Улетку, яшчэ да таго як дроны стукнулі па “Масква-Сіці”, была нарада, у рамках якой абмяркоўваліся метады абароны дата-цэнтраў. Гаворка ішла як аб антыдронавых стрэльбах, так і аб фізічнай абароне будынкаў”, - распавяла крыніца ў адной з профільных кампаній.
Абавязацельствы ў забеспячэнні ўстойлівасці сетак сувязі ўжо прапісаныя ў патрабаваннях, якія выстаўляюцца да аб'ектаў крытычнай інфармацыйнай інфраструктуры, кажа прэзідэнт Асацыяцыі малых аператараў сувязі Зміцер Галушка.
Паводле ягоных слоў, дзеянні Раскамнагляду звязаны з атакамі на аб'екты ў памежных рэгіёнах. "Ведамства будзе "мякка" прымушаць абсталёўваць аб'екты сувязі антыдронавымі сістэмамі", – кажа Галушка. Пры гэтым ён не выключае, што рэгіянальныя ведамствы абмяжуюцца "папяровай праверкай".