Telegram-канал «Генерал СВР»: З Крамля злілі лічбы рэальных страт РФ ва Украіне
- 22.09.2023, 16:21
Скабеева пра такое не раскажа.
Агульныя беззваротныя страты расейскага войска і баевікоў ва Украіне, папярэдне, перавысілі адзнаку 362 тысячы чалавек. Такія лічбы 21 верасня апублікаваў уплывовы расейскі Telegram-канал "Генерал СВР", які звязваюць са спецслужбамі РФ. Ён запэўнівае, што менавіта такую лічбу ўчора раніцай вайскоўцы паднеслі расейскаму дыктатару Уладзіміру Пуціну ў справаздачы.
Паводле звестак рэсурсу, вайскоўцы РФ ацэньваюць свае страты на 286 195 чалавек. Гэта тычыцца кадравага войска. Яшчэ блізу 76 192 - гэта загінулыя і зніклыя баевікі расейскіх ПВК. Апошняя лічба пазначаная на стан 1 жніўня 2023 года, бо з гэтага перыяду ўсе прыватныя вайсковыя кампаніі пераведзеныя пад кантроль Мінабароны РФ, і іх страты больш не лічаць асобна.
Адзначым, што, са звестак украінскага боку, РФ панесла менш страт у вайне. Так, Генштаб УСУ ацэньвае колькасць ліквідаваных акупантаў на 21 верасня на 274 470 чалавек, яшчэ 480 салдат РФ, як паведамляецца, развіталіся з жыццём за апошнія дні.
Масква хавае страты свайго войска ва Украіне, гэтая інфармацыя засакрэчаная. У апошні раз міністр абароны РФ Сяргей Шайгу паведамляў расейцам колькасць ліквідаваных салдат у вайне супраць Украіны яшчэ год таму - у верасні 2022-га. Тады ён агучыў далёкую ад рэальнасці лічбу - крыху менш за 6 тысяч чалавек.