BE RU EN

Беларусам рассылаюць «дармаедскія» лісты, падобныя да кепікаў

  • 22.09.2023, 17:28

Лукашысты прапаноўваюць працу.

Дзяржаўныя службы занятасці рассылаюць беларусам лісты з прапановай знайсці для іх працу. Аднак паасобныя адрасаты скептычна ўспрымаюць такія пасланні. Так, адны не вераць, што службы занятасці могуць даць рэальную дапамогу. Іншыя ўвогуле ўважаюць іхнія лісты за кепікі. Беларусы расказалі «Зеркалу» аб тым, якую дапамогу прапаноўвалі ім службы занятасці і чым усё скончылася.

УладзімірL (імёны герояў змененыz) год таму з'ехаў з Беларусі ў Еўропу. У сталіцы ў яго засталася кватэра, якую ён афіцыйна здаў у арэнду. Мужчына выплачвае падаткі з даходу і «дармаедам» не лічыцца.

Наljtxs Уладзіміру на адрас рэгістрацыі прыйшоў "ліст шчасця" ад дзяржаўнай службы занятасці. Яму прапанавалі паслугі працаўладкавання. У звароце было напісана, што Уладзіміра могуць навучыць запатрабаваным прафесіям.

- Напрыклад, я магу атрымаць спецыяльнасць аператара паасобнага збору смецця або токара. Якая сацыяльная абароненасць! - іранізуе спадар, які, дарэчы, працаваў у Беларусі на кіроўных пасадах.

Служба занятасці таксама паведаміла, што Уладзіміру могуць паспрыяць у арганізацыі рамеснай і прадпрымальніцкай дзейнасці. Гэтая прапанова найбольш абурыла беларуса, ён уважае гэта за кпіны. Па-першае, рамеснікаў прымусілі сёлета прайсці пацвярджэнне сваёй дзейнасці і пацвердзіць свой статус, пасля чаго "выжылі" далёка не ўсе. Па-другое, у Менску трэці год не рэгіструюць новых ІП.

- Толькі вось тым, хто быў заўважаны ў мірных пратэстах 2020 года, у Беларусі ўладкавацца на працу практычна нерэальна. Нават на прыватныя кампаніі ціснуць, каб звольніць непажаданых. Пра дзяржаўныя прадпрыемствы я ўвогуле маўчу.

Уладзімір уважае дзейнасць дзяржаўнай службы занятасці за "фікцыю, як і прафсаюзы", ён адзначыў, што гэтыя арганізацыі даўно не выконваюць сваю функцыю.

- Ад атрыманага ліста павеяла духам з 70-х, калі мастакам, паэтам ды іншым ненадзейным асобам, каб не стацца «дармаедамі», заставалася ўладкавацца хіба што вартаўнікамі ды дворнікамі, — кажа Уладзімір.

Марына працуе на будоўлі маляром, але афіцыйна яна не ўладкаваная. Спадарыня кажа, што так ёй працаваць больш выгадна, бо плацяць за ейную працу больш. Раз яна не выплачвае падаткі, то лічыцца «дармаедам». Надоечы яна атрымала ліст са службы занятасці, дзе ёй прапанавалі дапамогу ва ўладкаванні на працу.

- Я мела вольны час і з цікаўнасці схадзіла ў службу занятасці, хоць меркавала, што нічога добрага мне не прапануюць. Так і выйшла — вакансіі ў будаўніцтве былі, але збольшага дзяржаўныя структуры на такія смешныя заробкі, што я з'едліва пажартавала і пайшла, — успамінае жанчына.

Беларуска кажа, што супрацоўніца службы занятасці "сама ўсё разумела пра іхнія недарэчныя прапановы", таму таксама заўсміхалася ў адказ на "клаўнаду" Марыны.

- Па-мойму, яна ўсё адно была рада майму візіту, яна запісала мяне ў нейкі журнал. Напэўна, ёй трэба зрабіць справаздачу, што зрабіла добрую справу - паспрабавала дапамагчы беспрацоўнай. А я зразумела, што гэта чарговыя «дармаеды», якіх трэба разганяць. Паслалі б іх працаваць на тую ж будоўлю — карысць была б большай.

Максім расказаў, што штогод камісія спрыяння занятасці ўключае яго ў «дармаедскі» спіс, і ён павінен аплачваць 100% за камунальныя паслугі. Гэта ж камісія прапаноўвала яму дапамогу ў працаўладкаванні, з гэтай мэтай спадара адпраўлялі ў цэнтр занятасці.

- У цэнтры занятасці мне выпісвалі процьму накіраванняў на працу на прадпрыемствы, якія падавалі заяўкі аб наяўнасці ў іх вакансій. Я хадзіў у гэтыя арганізацыі і атрымліваў надпіс на накіраванні аб тым, што вакансій у іх няма. І так штогод.

Спадар мяркуе, што такая схема "цыклічнага блукання" прыдуманая для таго, каб арганізацыі маглі зрабіць справаздачу аб тым, што займаюцца працаўладкаваннем грамадзян.

— Так што я дагэтуль лічуся «дармаедам». Хаця я падзарабляю за мяжой, але гэта ў нас у краіне не лічыцца.

Нагадаем, тыя, хто з'ехаў за мяжу больш, чым на 30 дзён, нават працаваць або вучыцца за мяжой, з сакавіка мінулага года лічацца «дармаедамі». Але тут ёсць вынятак, гэтая навацыя не датычыцца тых, хто працуе або вучыцца ў краінах ЕАЭС — Расеі, Казахстане, Арменіі, Кіргізстане. Яшчэ вынятак — выезд на лячэнне або ў выправу.

Апошнія навіны