Мытня пачала спыняць аўтамабілі для праверкі проста на трасе
- 22.09.2023, 18:23
Што яны шукаюць?
Берасцейскія мытнікі на працягу апошніх двух месяцаў падчас "спецыяльных акцый" выявілі чатыры выпадкі ўвозу, паводле іхняй інфармацыі, камерцыйнай партый тавараў (а дакладней, сыру) пад выглядам тавараў для асабістага карыстання.
Дзяржаўны мытны камітэт паказаў відэа, як мытнікі спыняюць аўтамабілі проста на трасе.
Дакументаў на партыі сыроў, вырабленых у Францыі, Нямеччыне і Вялікай Брытаніі кіроўцы не мелі. Пры праверках усіх чатырох фактаў было высветлена, што прадукцыя была ўвезеная ў Беларусь з прыцягненнем трэціх асоб.
Яны заяўляюць, што перад пераездам мяжы на сумежным баку тавары "раздалі" людзям, якія правезлі іх нібыта тавары для асабістага карыстання. "Такія схемы выкарыстоўваліся з мэтай ухілення ад выплаты мытных аплат у выпадку перамяшчэння прадукцыі цэлымі партыямі, якія разглядаліся б як камерцыйныя", — пракаментавалі ў Дзяржаўным мытным камітэце.
Агульная вага тавару ў чатырох выпадках склала амаль дзве тоны (вартасць большая за 245 тысяч рублёў). Тавар рухаўся ў бок Расеі.
Берасцейскай мытняй распачаты адміністрацыйныя працэсы паводле ч.2 арт.15.1 КоАП Рэспублікі Беларусь. Арганізатарам схем пагражае штраф да 100 базавых адзінак з магчымай канфіскацыяй незаконна ўвезеных тавараў.