У Полацку прайшоў працэс аб «крадзяжы стагоддзя»
- 22.09.2023, 21:10
Вясковец знёс з поля сем бульбінаў на 92 капейкі.
У Полацку разгледзелі справу аб крадзяжы сямі бульбінаў з поля раённай гаспадаркі, якая праз гэта панесла страты на 92 капейкі. Вінаватага вызначылі, але караць не сталі: суддзя мяркуе, што асаблівай «грамадскай шкоды» ў ягоным учынку не было, паведамляецца ў пастанове суда.
Як вынікае з пастановы, крадзеж бульбы адбыўся на пачатку верасня ў вёсцы пад Полацкам. Апоўдні вясковец, які ў гэты час ужо быў нападпітку, ішоў па бульбяным полі і падабраў сем клубняў агульнай вагой 1,05 кг.
Поле належыць мясцовай гаспадарцы, і ўласнік заявіў пра панесеныя матэрыяльныя страты. Кошт сваёй бульбы ён вызначыў 0,88 рубля за кілаграм, а кошт скрадзенай бульбы ацаніў на 92 капейкі.
Справа дайшла да суда. Аднак суддзя не ўгледзеў сур'ёзнай «грамадскай шкоды» ва ўчынку вяскоўца і палічыў яго нязначным. Справу закрылі, а мужчыну вызвалілі ад пакарання.