Сёння дзень нараджэння Ігара Аліневіча
- 24.09.2023, 11:07
Яму спаўняецца 40 гадоў.
Сёння спаўняецца 40 гадоў беларускаму палітвязню, актывісту анархісцкага руху Ігару Аліневічу. Ігар актыўна ўдзельнічаў у акцыях пратэсту і салідарнасці ў Беларусі.
Першы раз рэжым Лукашэнкі судзіў Ігара Аліневіча ў 2011 годзе. Беларускі анархіст быў затрыманы 28 лістапада 2010 года ў Маскве супрацоўнікамі спецслужбаў і незаконна дастаўлены ў Менск, у СІЗА КДБ. Праз паўгода ён быў асуджаны паводле «справы анархістаў» разам з Мікалаем Дзядком і Аляксандрам Францкевічам. Ігар атрымаў максімальны тэрмін - 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, і да жніўня 2015-га быў у турме.
У 2013 годзе за кнігу «Еду ў Магадан» Ігар Аліневіч атрымаў галоўную ўзнагароду і стаў першым лаўрэатам прэміі імя Францішка Аляхновіча Беларускага ПЭН-цэнтра. А ў 2016 годзе Аліневіч стаў лаўрэатам Нацыянальнай прэміі «Хартыі-97» за абарону правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча за 2015 год у намінацыі «За асабістую мужнасць».
У 2015 годзе, неўзабаве пасля вызвалення, Аліневіч з'ехаў з Беларусі. Яго маці Валянціна Аліневіч адгаворвала сына ад вяртання аж да восені 2020 года.
Ігар Аліневіч пасля вызвалення з турмы ў 2015 годзе.
- Ён ірваўся на радзіму. Натуральна: і бацькоў пабачыць, і іншае. Але я разумела, што гэта небяспечна. Бо нават калі яго тут не было, да нас усё адно ўвесь час прыходзілі, правяралі – і ўчастковы, і іншыя нейкія асобы. Таму я яму і казала, што калі ты вернешся, то далей Берасця цябе проста не прапусцяць. Я недаацаніла яго і не думала, што ён усё ж надумае патрапіць у гэтае логава, - успамінае Валянціна.
Уначы з 28 на 29 кастрычніка 2020 года Ігар быў затрыманы пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы Беларусі памежнікамі. Рэжым Лукашэнкі абвінаваціў яго ў «тэрарызме» і незаконным абарачэнні зброі. Сам Ігар Аліневіч заявіў, што свядома скарыстаўся правам на паўстанне.
- Я магу сказаць пра Ігара тое ж самае, што можа сказаць кожная маці пра свайго сына: ён самы лепшы. Гэта мяне падтрымлівае - мне ніхто не скажа, што ён бандыт ці нейкі злачынец, у яго рэпутацыя прыстойнага чалавека і сярод сяброў, і сярод знаёмых, - распавядае Валянціна Аліневіч.
Ігар Аліневіч на адпачынку ў Чарнагорыі ў 1996 годзе.
22 снежня 2021 года суд прыгаварыў яго да 20 гадоў пазбаўлення волі ў турме ва ўмовах строгага рэжыму.
- Потым, калі я адышла ад першага шоку [пасля затрымання], ён напісаў мне ў лісце: «Мама, я па-іншаму не мог, і ты павінна гэта зразумець». Мы паглядзелі відэа, якія ён запісаў перад тым, як перайсці мяжу, і я ўбачыла столькі болю ў яго вачах - ён за людзей перажываў больш, чым за сябе. Там ён такі, які ён ёсць напраўду, - падкрэсліла маці палітвязня.