Афіцэр паліцыі РФ з'ездзіў у Беларусь і атрымаў тры гады калоніі
- 24.09.2023, 10:36
Што адбылося?
Двое цяпер ужо былых бранскіх паліцыянтаў атрымалі па тры гады агульнага рэжыму і штраф пасля таго, як адзін з іх з'ездзіў у суседнюю Беларусь. Прысуд вынесены 22 верасня, паведамляе прэс-служба Бранскага абласнога суда.
Гісторыя пачалася пасля таго, як ФСБ у рамках аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў задакументавала факт перасячэння мяжы з Беларуссю начальнікам аддзялення крымінальнага вышуку АП «Злынкаўскі» МА МУС Расеі «Новазыбкаўскі». Афіцэр меў доступ да дзяржаўнай таямніцы і не мог пакідаць тэрыторыю Расеі.
Паліцыянт паспрабаваў развязаць пытанне палюбоўна і прапанаваў праз пасярэдніка супрацоўніку ФСБ Расеі 50 000 расейскіх рублёў (амаль 520 даляраў), каб той не накіроўваў у следчы орган матэрыялы па факце перасячэння дзяржаўнай мяжы. У перадачы хабару начальніку крымінальнага вышуку дапамагаў старэйшы ўчастковы ўпаўнаважаны УУП і ПДН МА МУС Расеі «Новазыбкаўскі».
Падсудныя віну не прызналі, агучыўшы сваю версію падзей, згодна з якой грошы былі перададзеныя ў залік вяртання пазыкі.
Прыгаворам суда вінаватым прызначанае пакаранне ў выглядзе 3 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму, са штрафам у суме 200 000 расейскіх рублёў, з пазбаўленнем спецыяльнага звання. Акрамя таго, абодва пазбаўленыя права займаць пасады на дзяржаўнай службе, звязаныя з ажыццяўленнем функцый прадстаўніка ўлады, у тым ліку ў праваахоўных органах РФ, тэрмінам на 3 гады і на 2 гады 6 месяцаў адпаведна.
Прысуд не набыў законную моц.