BE RU EN

Спікер расейскай Думы Валодзін трапіў у скандал у Манголіі

  • 24.09.2023, 11:39

Яго ўчынак абурыў жыхароў краіны.

У мангольскіх сацсетках выбухнуў гучны скандал, звязаны з учынкам спікера расейскай Думы Вячаслава Валодзіна падчас візіту ў Манголію.

На афіцыйнай цырымоніі сустрэчы расейскай дэлегацыі ля будынка мясцовага Кабінета міністраў Валодзін не пакланіўся манументу Чынгісхана.

На апублікаванай фатаграфіі бачна, як старшыня мангольскага парламента Занданшатар нізка пакланіўся Чынгісхану, а побач Валодзін - дэманстратыўна не.

У Сетцы пішуць, што нават Папа Рымскі ўстаў з інваліднага вазка, каб аддаць даніну і пакланіцца.

Новы гучны скандал вакол дзеянняў расейскіх палітыкаў за мяжой зноў звярнуў увагу на нізкі ўзровень расейскай замежнай палітыкі і дыпламатыі, які знаходзіцца ў «каматозным стане».

Аб гэтым піша расейскі палітычны блогер Анатоль Нясміян.

«Жэрці гарэлку і скакаць калінку – гэта, калі ласка, а арганізаваць паездку афіцыйнай дэлегацыі - ужо не. Не ў стане. Ёсць такая штука, як пратакол, дзе ўзгадняюцца ўсе тонкія моманты. І кланяцца ці не кланяцца статуі Чынгісхана, трэба было разглядаць на этапе выпрацоўкі пратакола сустрэчы. Ніводзін бок, які прымае, у сваім розуме не стане падстаўляць госця пад далікатную сітуацыю. Заўсёды ўсё можна развязаць без эксцэсаў і будучых скандалаў», - піша ён.

«Але служба пратакола (Расеі - рэд.) пахмялялася і скакала. Ёй было не да дробязяў. Адсюль і раптоўная няёмкасць. На жаль, але дзікі непрафесіяналізм ва ўсім - гэта ўжо візітная картка сучаснай Расеі», - падкрэсліў эксперт.

Апошнія навіны