«Адна з рэзідэнцый абавязкова стане музеем убогасці лукашызму»
- 24.09.2023, 19:07
Палітолаг пракаментаваў хлусню дыктатара аб новым палацы.
На днях стала вядома, што рэканструюецца чатырохпавярховы будынак у Менску з адрасам Чырвонаармейская, 15 - гэта новая рэзідэнцыя Аляксандра Лукашэнкі. Дыктатар зрабіў дзіўную заяву, зняпраўджваючы гэтую інфармацыю.
«Зрабілі рэабілітацыю на першым паверсе. На верхнім паверсе даручыў усе дабрачынныя фонды, якія мы закрылі (сабачак лячылі, катоў і гэтак далей), сабраць пад адным дахам», – сказаў Лукашэнка.
Палітолаг Анатоль Котаў у каментары UDF зазначыў, што новая рэзідэнцыя магла спатрэбіцца Лукашэнку не з рацыянальных прычын.
«А навошта Лукашэнку некалькі дзясяткаў папярэдніх рэзідэнцый? Бо хочацца, ёсць магчымасць і няма адказнасці. З пункту гледжання функцыянальнай ці нейкай іншай неабходнасці, сэнсу ў яшчэ адной рэзідэнцыі няма. Хаця мяркуючы паводле планаў атрымаўся ў першую чаргу шыкоўны спа-салон для аднаго чалавека. А у другую чаргу рэзідэнцыя. Такая эксклюзіўная база адпачынку ў цэнтры горада», - сказаў Котаў.
Ён дадаў:
«Ёсць тэорыя, што рэзідэнцыя спатрэбілася, бо ўсё ж наперадзе палітычны транзіт і так ці інакш у нейкі момант з'явіцца «старшыня ўсебеларускага сходу». Кіраўнік УНС і «прэзідэнт» - гэта будуць розныя людзі, таму патрэбныя яшчэ рэзідэнцыі, каб нікога «не давялося высяляць» з існых. Але мяркуючы па стылі інтэр'ераў - гэта ўсяго толькі яшчэ адна дарагая цацка».
Для чаго ўсё ж могуць выкарыстоўваць будынак на вуліцы Чырвонаармейскай?
«Для таго, чым ён і з’яўляецца. Спа-салон. Больш адпачываць, менш працаваць. Прымаць дарагіх гасцей у нефармальнай абстаноўцы. Казаць аб тым, што гэта працоўная рэзідэнцыя, пасля публікацыі схем і інтэр'ераў будынка сур'ёзна не даводзіцца. База адпачынку, падчас якога можна і невялікі час прысвяціць справам. Незразумелы лёс парку - з улікам пытанняў бяспекі складана ўявіць, што там можна будзе сустрэць знаёмы сілуэт уладальніка сіплага голасу. Або жыхарам навакольных дамоў будзе вельмі некамфортна падчас такіх шпацыраў», - мяркуе Котаў.
А як жа зняпраўджванне з вуснаў Лукашэнкі?
«Гэта складана ўсур'ёз успрымаць і аналізаваць. Навошта сумяшчаць рэабілітацыю і дабрачынную дзейнасць? І як можна размясціць недзе закрытыя, а насамрэч ліквідаваныя арганізацыі? Там будзе ажыццяўляцца нейкая дзейнасць, якой патрэбны «зброевы пакой»? Гэта адна з самых недарэчных спроб апраўдацца за свой уласны спа-салон у цэнтры горада. Непрадуманая, дзіцячая і наскрозь ілжывая», - мяркуе Котаў.
Разам з тым, палітолаг канстатаваў: інфармацыя аб чарговым злачынстве рэжыму, у тым ліку новай рэзідэнцыі, ужо не выклікае вялікага эфекту.
«Усе цудоўна разумеюць, у якой краіне жывуць. Вучням і студэнтам - размеркаванне. Работнікам - усё больш жорсткія ўмовы кантракту. Бізнэсу - новыя паборы. Апрычнікам - новыя паўнамоцтвы. Самаму галоўнаму - новы палац і дарагі ёршык з душам уражанняў. Гэта ўсё тое, што першапачаткова хавалася пад маскай «народнага прэзідэнта», але стала занадта відавочным і банальным. У Беларусі стабільнасць толькі ў некалькіх рэчах: у безадказнасці і нахабнасці ўзурпатараў і ў іх такой жа стабільна чырвона-зялёнай безгустоўшчыне. Калі-небудзь адна з рэзідэнцый абавязкова стане музеем убогай жорсткасці лукашызму», – мяркуе Котаў.