У Лідзе затрымлівалі работнікаў трох прадпрыемстваў
- 24.09.2023, 15:43
Яшчэ на адным прымушалі глядзець прапагандысцкія фільмы.
У Лідзе працягваюцца затрыманні з палітычных матываў, а на малочнакансервавым камбінаце прымушаюць глядзець прапагандысцкія фільмы, паведамілі лідскія праваабаронцы. Паводле іх інфармацыі, адабраныя ў затрыманых тэлефоны прадаюць у краме канфіскату.
Затрыманні на прадпрыемстве «Белтэкс оптык», паводле інфармацыі праваабаронцаў, прайшлі 21-22 верасня.
Таксама 22 верасня затрымлівалі людзей і на прадпрыемстве «Лакафарба», а таксама ў лідскім ГУП ЖКГ. «У ЖКГ затрыманы бухгалтар. Хутчэй за ўсё, рэйдамі па затрыманнях займаюцца «гастралёры» з Гародні», - паведамілі праваабаронцы.
А на Лідскім малочна-кансервавым камбінаце з'явіўся ідэолаг - былы начальнік аддзела ДАІ Лідскага РАУС Аляксандр Швакель. Паводле праваабаронцаў, усіх работнікаў абавязалі падпісаць «Кодэкс карпаратыўнай этыкі». Там, акрамя карпаратыўнага стылю адзення і іншых рэчаў, прапісаная недапушчальнасць прагляду «экстрэмісцкіх» рэсурсаў, сцвярджаюць праваабаронцы.
«Акрамя гэтага, работнікі не павінныя: кантактаваць адзін з адным, размаўляць і збірацца групамі. Не маюць права расказваць каму-небудзь пра тое, што адбываецца на заводзе. Пяць чалавек былі запрошаныя спачатку на размову аб арт. 19.11 КоАП, потым прымусілі глядзець прапагандысцкія фільмы», - распавялі праваабаронцы.
Паводле іх звестак, канфіскаваныя ў затрыманых мабільныя тэлефоны потым прадаюць у краме канфіскату «Ваш выбар» на вуліцы Адама Міцкевіча.