BE RU EN

Нямеччына перадасць Украіне 50 надводных беспілотнікаў

  • 24.09.2023, 16:14

Украіна выкарыстоўвае марскія БПЛА для нападаў на расейскія караблі ды іншыя ваенныя аб'екты.

Украіна атрымае ад Нямеччыны 50 надводных беспілотнікаў у рамках зімовага пакету ваеннай дапамогі на € 400 млн, раней анансаванага Берлінам. Як паведаміла Міністэрства абароны ФРГ, гэтыя дроны "дапамогуць даць адпор агрэсару не толькі на сушы, але і на моры".

Украіна выкарыстоўвае марскія БПЛА для нападаў на расейскія караблі ды іншыя ваенныя аб'екты. У тым ліку беспілотнікі гэтага тыпу выкарыстоўваліся для ўдару па Крымскім мосце 17 ліпеня. Таксама з іх дапамогай былі атакаваныя вялікі дэсантны карабель "Аленягорскі гарняк" і танкер "Сіг". Абодва караблі атрымалі значныя пашкоджанні і страцілі ход.

13 верасня УСУ задзейнічалі надводныя дроны для ўдару па караблерамонтным заводзе ў Севастопалі разам з брытанскімі крылатымі ракетамі Storm Shadow. У выніку былі знішчаныя БДК "Менск" і падлодка "Растоў-на-Доне". 15 верасня надводныя беспілотнікі ўдарылі па ракетным караблі "Самум".

Мінабароны Расеі рэгулярна дае справаздачу аб адбіцці нападаў надводных беспілотнікаў у раёне Крымскага паўвострава, а таксама аб ракетных ударах па ўкраінскіх аб'ектах, на якіх вырабляюць і абслугоўваюць безэкіпажныя катары.

Мінабароны Нямеччыны не ўдакладніла тып дронаў, якія перадаюцца. Ваенны эксперт Дэвід Хэмблінг паведаміў Forbes, што цяпер пра наяўнасць такіх апаратаў у Бундэсверы або нямецкім ВПК нічога невядома. Магчыма, Берлін збіраецца набыць гэтыя беспілотнікі ў іншых краінаў і перадаць Украіне альбо плануе стварыць іх нанова.

Акрамя надводных БПЛА Нямеччына перадасць Узброеным сілам Украіны зенітныя самаходныя ўстаноўкі Gepard, ракеты СПА сярэдняй далёкасці IRIS-T, 30 тысячаў 155-мм снарадаў, 480 супрацьтанкавых мінаў AT2 і 200 бронемашынаў MRAP для барацьбы з міннымі загародамі. Акрамя таго ў пакет увойдзе зімовая экіпіроўка, камплекты запчастак для раней адпраўленых сістэмаў і транспартныя сродкі.

Пастаўкі будуць ажыццяўляцца за кошт запасаў Бундэсверу, а таксама супольна з прамысловымі партнёрамі. Абяцанае абсталяванне павінна быць перададзенае Украіне "ў найкарацейшыя тэрміны".

Акрамя таго, Нямеччына прадоўжыць навучанне УСУ на сваёй тэрыторыі. На гэты момант краіна падрыхтавала ўжо 7 тысячаў байцоў, а да канца года іх будзе 10 тысячаў. Асноўная ўвага аддаецца навучанню кіроўнага складу ніжніх тактычных звёнаў – камандзіраў групаў, узводаў, ротаў, – а таксама ваенных інжынераў. У тым ліку ў канцы верасня ў Нямеччыну ўпершыню выправяцца ўкраінскія спецыялісты ў абслугоўванні Leopard 1 A5, удакладнілі ў Мінабароны.

"Мы такім чынам канцэнтруемся на асноўных галінах, якія прынеслі б максімальна магчымую карысць Украіне", – падкрэслілі ва ўстанове, дадаўшы, што Нямеччына займае першае месца ў Еўропе і другое месца ў свеце пасля ЗША ў агульным аб'ёме дапамогі УСУ.

Апошнія навіны