У Беларусі дэфіцыт кадраў сярод анэстэзіёлагаў і рэаніматолагаў складае 17%
- 24.09.2023, 16:34
Чыноўніца расказала, якіх лекараў не стае ў рэгіёнах.
У Міністэрстве аховы здароўя вылучылі топ-5 спецыяльнасцяў лекараў, якіх цяпер не стае ў рэгіёнах. Пра гэта расказала БелТА кіраўніца галоўнай управы арганізацыйна-кадравай працы і прафесійнай адукацыі Міністэрства аховы здароўя Беларусі Вольга Калюпанава.
У першую чаргу яна назвала анэстэзіёлагаў і рэаніматолагаў. Сёлета, паводле словаў Калюпанавай, Міністэрства аховы здароўя закрыла толькі 83% патрэбаў у гэтых спецыялістах. Астатнія 17%, мяркуючы з усяго, ва ўстанове плануюць забяспечыць за кошт маладых спецыялістаў.
– Таксама гэта лекары дыягнастычнага профілю. Мы бачым развіццё рэгіёнаў, і ўжо ў кожным рэгіянальным цэнтры ёсць высакакласныя МРТ, КТ, ультрагукавыя апараты высокага класу. Безумоўна, гэта патрабуе прытоку і медычных кадраў, – тлумачыць яна. – Акрамя таго, у гэтай катэгорыі і стаматолагі. Рэч у тым, што шэсць гадоў таму ў нас было скарачэнне прыёму на гэтую спецыяльнасць, бо быў зроблены ўпор на паступленне на платнай аснове, таму цяпер у нас ідуць маленькія выпускі ў першую чаргу на бюджэце. Вось летась мы размеркавалі невялікую колькасць бюджэтнікаў.
Паводле словаў Вольгі Калюпанавай, пасля размеркавання на працоўных месцах застаюцца 79,5% медыкаў. Частка з іх з'язджае за мяжу, а яшчэ большая частка, наракае чыноўніца, хоча «раней, чым трэба, перайсці ў прыватныя цэнтры».
– Гэты сектар асабліва забірае спецыялістаў стаматалогіі і дыягнастычнага профілю. Таксама гэта нашы рэспубліканскія цэнтры, куды мы стараемся не размяркоўваць моладзь, таму што ў гэтых установах самы высокі – чацвёрты – узровень медыцынскай дапамогі і туды павінны ісці спецыялісты з досведам, якія валодаюць ужо нейкімі хоць бы першапачатковымі навыкамі. Таму маладыя спецыялісты, адпрацаваўшы два гады, асабліва мэтавікі, могуць ставіць пытанне, каб кампенсаваць сродкі за вучобу і паехаць у сталіцу, – расказала прадстаўніца Міністэрства аховы здароўя.