Ці могуць бацькоўскія камітэты збіраць грошы на карту, а не гатоўкай?
- 24.09.2023, 17:41
Адказ падатковай.
У пачатку навучальнага года ў дзіцячых садах і школах ствараюць бацькоўскія камітэты, якія потым збіраюць грошы на тыя ці іншыя патрэбы. Office Life даведаўся ў Міністэрстве падаткаў і збораў (МПЗ), ці можа ініцыятыўны бацька з камітэта прымаць такія зборы на сваю банкаўскую карту (каб не пакутаваць з гатоўкай) і ці не будзе да яго потым пытанняў у падатковай.
Ці не давядзецца з сумы збораў заплаціць падатак?
Амаль усе прыбыткі – а ўсё, што прыходзіць на вашу банкаўскую карту ад несваякоў, на змоўчанне лічыцца вашым прыбыткам, – атрыманыя беларусамі ў тым ліку ўнутры краіны, з'яўляюцца аб'ектам падаткаабкладання, нагадалі ў МПЗ.
Пры вызначэнні падатковай базы ўлічваюцца ўсе прыбыткі, але вось потым падаткам абкладаюцца не ўсе з іх. Напрыклад, кожны беларус можа атрымліваць грашовыя падарункі, калі іх агульны памер не перавышае 9338 рублёў за год.
Зборы ў бацькоўскі камітэт, незалежна ад сумы, лічацца прыбыткамі, атрыманымі ад іншай асобы для выканання яе даручэння для ажыццяўлення якіх-небудзь разлікаў або аплаты за тавары ці паслугі, і паводле закону не абкладаюцца падаходным падаткам.
Падаваць з гэтых прыбыткаў дэкларацыю ў падатковую не трэба.
То-бок пытанняў ад падатковай не будзе?
Пытанні пра любыя грашовыя паступленні ў падатковай могуць з'явіцца з розных падставаў.
У такім выпадку чальцу бацькоўскага камітэта трэба проста пацвердзіць, што гэтыя грошы пералічваліся для выканання даручэнняў, звязаных з патрэбамі класа або групы (магчыма, падатковая запытае пісьмовыя тлумачэнні), і паказаць чэкі, якія пацвярджаюць, што вы выкарыстоўвалі грошы менавіта на гэтыя мэты. Так што захоўвайце ўсе дакументы.