Навукоўцы назвалі найлепшую тэмпературу для якаснага начнога сну
- 4.09.2023, 21:48
Даследаванне правялі ў ЗША.
Навукоўцы правялі даследаванне з групай з 50 добраахвотнікаў і вызначылі, што аптымальны тэмпературны дыяпазон для якаснага сну для людзей ва ўзросце складае 20–25°C.
Для даследавання адабралі людзей ва ўзросце 65+, якія жывуць у Бостане (ЗША).
Удзельнікі эксперыменту мелі датчыкі тэмпературы паветра і вільготнасці, усталяваныя ў іх спальнях, і насілі колцападобную прыладу цягам ночы, каб адсочваць сон, тэмпературу скуры, пульс і рухі. Людзі жылі ў розных памяшканнях, ад невялікіх субсідаваных дзяржавай кватэраў да прыватных дамоў на адну сям'ю.
Навукоўцы мяркуюць, што зніжэнне эфектыўнасці сну на 10 адсоткаў дастатковае, каб пагоршыць працу мозгу, павялічыць стрэс, трывогу і стомленасць, а таксама паўплываць на кантроль ўзроўню цукру ў крыві на наступны дзень. З нагрэвам планеты ночы становяцца гарачэйшымі, і навукоўцы прагназуюць, што да 2099 года высокія тэмпературы могуць знізіць прыкладна 50 гадзінаў сну на чалавека за год. Пры гэтым пажылыя людзі з'яўляюцца аднымі з самых уразлівых да цеплавога стрэсу як днём, так і ноччу.
Пры павышэнні тэмпературы да 30 градусаў эфектыўнасць сну падае на 10 адсоткаў, адзначылі навукоўцы. Яны мяркуюць, што для якаснага сну трэба палепшыць плынь паветра і выбраць лёгкае адзенне для сну. Паляпшэнне цеплавога камфорту самога будынка магло мець большы эфект, хоць гэта складаней і даражэй, адзначылі навукоўцы.