BE RU EN

Шольц адмовіў Зяленскаму ў просьбе збіваць ракеты РФ над Украінай

  • 19.07.2024, 9:21

Канцлер Нямеччыны заявіў, што "пра такія крокі не можа ісці гаворка".

Канцлер ФРГ Олаф Шольц адхіліў звернутыя да заходніх супольнікаў просьбу прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага збіваць сваёй зброяй расейскія ракеты і дроны над тэрыторыяй Украіны. Пра гэта паведаміла DW увечары ў чацвер, 18 ліпеня.

На прэс-канферэнцыі пасля саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў брытанскім горадзе Вудсток, куды быў запрошаны і Уладзімір Зяленскі, кіраўнік нямецкага ўрада Шольц чарговым разам адпрэчыў просьбу ўкраінскага лідара.

«Я назіраю такі кансэнсус, што пра такія крокі не можа ісці гаворка. ЗША ў гэтым пытанні таксама займаюць вельмі выразную пазіцыю», - сказаў Шольц.

Зяленскі скарыстаўся магчымасцю выступіць на саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці, каб заклікаць супольнікаў Кіева ўзмацніць яго падтрымку ў вайне з Расеяй, збіваючы сваёй зброяй расейскія ракеты і дроны над тэрыторыяй Украіны. Паводле слоў Зяленскага, у красавіку іранскі напад на Ізраіль з выкарыстаннем больш як 300 ракет і дронаў быў адбіты з удзелам самалётаў і сістэм СПА ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі.

Украіна заклікала краіны NАТО ўсталяваць беспалётную зону над тэрыторыяй краіны яшчэ ў пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварвання ў 2022 годзе. NАТО адказаў адмовай, паабяцаўшы абсталяваць украінскае войска сістэмамі СПА.

Апошнія навіны