BE RU EN

Акадэмія навук распрацавала інструкцыю аб знішчэнні «экстрэмісцкіх» кніг у бібліятэках

  • 20.07.2024, 12:52

У кожнай падлеглай бібліятэцы цяпер будзе спецыяльная асоба.

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі прыняла пастанову — "Інструкцыю аб парадку выключэння інфармацыйнай прадукцыі, якая прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі, з бібліятэчных фондаў бібліятэк Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і падпарадкаваных ёй арганізацый".

Дакумент ускладае на кіраўнікоў бібліятэк персанальную адказнасць за несвоечасовае выяўленне і выключэнне згаданай літаратуры і несанкцыянаванае яе выкарыстанне, піша «Наша Ніва».

У кожнай падлеглай бібліятэцы цяпер будзе спецыяльная асоба, якая не радзей чым раз на тыдзень будзе спраўджваць фонды, новыя паступленні, а таксама ліцэнзаваныя электронныя базы звестак на наяўнасць у іх дакументаў, уключаных у спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Калі такія знойдуць, то іх будуць выключаць з фондаў з выдаленнем усёй інфармацыі з інфармацыйных рэсурсаў і з даведачна-бібліяграфічнага апарата. Выключыць такое выданне і інфармацыю аб ім павінны на працягу 30 дзён пасля ўнясення дакумента ў спіс.

У якасці падставы для выключэння будзе абазначацца "няпрофільны дакумент".

Калі “экстрэмісцкі” дакумент будзе знойдзены ў ліцэнзаванай базе звестак, то на адрас прадаўца будзе накіроўвацца паведамленне з патрабаваннем на працягу 30 дзён выключыць яго з доступу.

Пакуль на заканадаўчым узроўні не вызначаць, як знішчаць экстрэмісцкія матэрыялы, яны будуць захоўвацца. Для гэтага Цэнтральная бібліятэка выдасць шафу з замкам, замкнёны стэлаж або асобнае памяшканне.

Доступ туды будзе мець толькі спецыяльна прызначаная асоба.

Апошнія навіны