У Венесуэле пачалося народнае паўстанне
- 30.07.2024, 8:02
Адбываюцца сутычкі пратэстоўцаў з паліцыяй, грамадзяне руйнуюць помнікі дыктатару.
Пасля таго, як цэнтрвыбаркам Венесуэлы ўночы на панядзелак абвясціў пераможцам выбараў дзейнага прэзідэнта Нікаласа Мадура, тысячы яго апанентаў выйшлі пратэставаць на вуліцы Каракаса і іншых гарадоў краіны. Пачаліся сутыкненні з паліцыяй і вайскоўцамі.
«Спачатку яны білі ў рондалі і патэльні, пратэстуючы супраць таго, што прэзідэнт Мадура абвясціў сябе пераможцам. Затым напружанне пачало расці, - перадае карэспандэнт ВВС Аёні Уэлс з Каракаса. - Тысячы пратэстоўцаў пайшлі пешшу - некаторыя за шмат кіламетраў - у цэнтр і да прэзідэнцкага палаца. На вуліцах паляць аўтамабілі, покрыўкі і смецце. Пачаліся сутычкі паміж пратэстоўцамі і ўзброенай паліцыяй».
Паліцыянты і вайскоўцы, якія перацялі вуліцы вакол прэзідэнцкага палаца, пачалі страляць у пратэстоўцаў пластыкавымі кулямі і гранатамі са слёзатачывым газам.
Дэманстранты адказваюць камянямі і бутэлькамі з гаручай сумессю.
Пратэстанты скандуюць «Свабода!» і «Гэтая ўлада ўпадзе!», зрываюць і паляць развешаныя па сценах і слупах партрэты Мадуры, зносяць помнікі дыктатару.
Карэспандэнт ВВС перадае, што разам з паліцыяй і вайскоўцамі ў сутыкненнях удзельнічае, абараняючы ўладу Мадуры, левая ваенізаваная арганізацыя, чальцоў якой называюць «калектывас».
Нацыянальная выбарчая рада, падкантрольная Мадуры і ягонай Адзінай сацыялістычнай партыі Венесуэлы, па выніках выбараў, якія прайшлі ў нядзелю, абвясціла, што дзейны прэзідэнт набраў 51,2% галасоў, а кандыдат ад аб'яднанай апазіцыі Эдмунда Гансалес — 44%.
Незалежныя экзітполы паказвалі, што за Гансалеса галасавалі каля 65%, а за Мадуру - ад 14% да 31%.
Лідар апазіцыі Марыя Карына Мачада сказала ў панядзелак журналістам, што пералік галасоў, які самастойна вядзе апазіцыя, паказвае упэўненую перамогу Гансалеса. Паводле ейных слоў, Гансалес сабраў 6,27 млн галасоў, а Мадура - усяго 2,75 мільёна.
Мачада ўдакладніла, што ў распараджэнні апазіцыі ёсць копіі 73% пратаколаў з выбарчых участкаў.
Як адзначае агенцтва AFP, лідары апазіцыі не заклікалі да вулічных пратэстаў - яны ўспыхнулі стыхійна.