Зяленскі паедзе ў Савудаўскую Арабію: сустрэчы з расейцамі не будзе
- 14.02.2025, 15:24
Пасля гэтага прэзідэнт Украіны сустрэнецца з кіраўніком Турцыі.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі анансаваў візіт у Савудаўскую Арабію.
Пра гэта кіраўнік дзяржавы сказаў падчас размовы з журналістамі ў Мюнхене, паведамляе Цензор.НЕТ.
Паводле ягоных слоў, ён наведае Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, каб абмеркаваць гуманітарную праграму і абмен палонных. Пасля гэтага ён адправіцца ў Савудаўскую Арабію з тымі ж пытаннямі.
Пасля гэтага Зяленскі наведае Турцыю і сустрэнецца з лідарам Раджэпам Тайіпам Эрдаганам.
Прэзідэнт падкрэсліў, што сустрэчы з прадстаўнікамі Расеі не запланаваныя падчас гэтых трох візітаў.
«Я не хачу проста так сустракацца з расейцамі. Калі мы гаворым пра парадак сустрэч, я ўжо казаў, спачатку Амерыка, потым Еўропа, а потым расейцы», - растлумачыў Зяленскі.
Нагадаем, 12 лютага 2025 года Трамп заявіў, што ягоная сустрэча з дыктатарам РФ Уладзімірам Пуціным, магчыма, адбудзецца ў Савудаўскай Арабіі.
Таксама Трамп заявіў, што на наступным тыдні ў Савудаўскай Арабіі адбудзецца сустрэча прадстаўнікоў Украіны, Штатаў і Расеі.