BE RU EN

Пра Трампа, Пуціна і альтэрнатыву NATO: Асноўныя заявы Зяленскага на Мюнхенскай канферэнцыі

  • 14.02.2025, 20:20

Украінскі лідар падкрэсліў, што сёння не ідзе размова пра мірнае пагадненне.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўзяў удзел у панэльнай дыскусіі ў рамках Мюнхенскай канферэнцыі ў бяспецы 2025. На якой пракаментаваў кантакты з ЗША, угоду пра здабычу рэсурсаў, умовы перамоваў з Пуціным і гарантыі бяспекі, альтэрнатыўныя ўдзелу ў NATO.

РБК-Украіна прыводзіць галоўныя заявы Зяленскага

Мірная дамова не можа быць падпісаная ў Мюнхене

Зяленскі адзначыў, што, на жаль, сёння не ідзе размова пра мірнае пагадненне. І Украіна не шукае пасярэдніцтва паміж сабой і Уладзімірам Пуціным, бо гэта ён учыніў вайну. Патрэбная падтрымка моцнага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, каб ён быў на ўкраінскім баку.

– Мірнае пагадненне не можа быць падпісанае ў Мюнхене. Таму што гэта Мюнхен, і тут няма прэзідэнта (Трампа, – рэд.), і мы памятаем, якія рэчы тут былі калісьці падпісаныя. І я такіх рэчаў не паўтару, – сказаў Зяленскі.

Мірная дамова з'явіцца пасля плану аб заканчэнні вайны, які павінен быць падтрыманы Трампам і Еўропай. «Таму што мы гаворым пра гарантыі бяспекі, таму голас Еўропы за сталом перамоваў вельмі важны», – падкрэсліў ён.

Украіна і партнёры павінны абараніць крытычныя мінералы

З Трампам і амерыканскімі калегамі была «вельмі добрая размова». І Украіна атрымала прапанову аб інвестыцыях у здабычу карысных выкапняў. Але калі размова заходзіць пра рэсурсы, важна іх абараняць, каб яны не трапілі ў рукі Расеі і яе хаўруснікаў – Паўночнай Карэі і, магчыма, Кітая.

«Я не ведаю, каму Расея захоча іх аддаць пасля акупацыі. Мы павінны захаваць крытычныя мінералы, і гэта мой мэсэдж. Я рады, што міністр фінансаў ЗША прыехаў у Кіеў і прывёз дакумент. Я сказаў, што нашыя юрысты яго вывучаць і потым з каментарамі вярну», – адзначыў Зяленскі.

Ён дадаў, што гэта не дакумент аб бяспецы, а двухбаковы мемарандум. Прэзідэнт адзначыў, што гатовы сустрэцца з віцэ-прэзідэнтам ЗША Джэй Дзі Вэнсам.

– Я не гатовы ўсё падпісваць, але гатовы сустракацца. Гэты мемарандум будзе падпісаны, калі будзе гатовы да падпісання, – сказаў ён.

Трэба сустрэцца з Трампам, каб падрыхтаваць план «цывілізаваных людзей»

Тэлефонныя размовы з Пуціным не ўяўляюць пагрозы для ЗША ці Трампа, таму што ён мацнейшы за Пуціна. Але ўяўляюць рызыкі для ўсяго свету. Пуцін кажа, што нібыта хоча спыніць вайну, але пасля прамога кантакту ў снежні 2019 года ў Парыжы, калі абмяркоўваліся спыненне агню на Данбасе і абмены палоннымі, Зяленскі яму не верыць.

«Што важна, дык гэта сустрэча (з Трампам, – рэд.). Каб не прымаць пастановаў пра Украіну без Украіны. Гэта прынцыповая пазіцыя, ад якой мы не адмовімся. Я гавару ад імя ўсёй нашай нацыі. Без гарантыяў бяспекі мы проста дамо Пуціну паўзу. Я не хачу быць чалавекам, які дапамог яму акупаваць сваю краіну», – сказаў прэзідэнт.

На ягоную думку, у Трампа ёсць усе вагары націску на Пуціна, ён можа накласці санкцыі. Зяленскі таксама выказаў гатоўнасць прыехаць у Вашынгтон «у любы дзень, каб распрацаваць супольны план цывілізаваных людзей».

ЗША ніколі не бачылі Украіну ў NATO

Зяленскі шмат разоў чуў ад цяперашняга і папярэдняга прэзідэнтаў ЗША, што яны не бачаць Украіну ў NATO.

– Калі шчыра, то ЗША ніколі не бачылі нас у NATO. Яны казалі пра гэта, але ніколі не хацелі нас у NATO. Гэта праўда, – заявіў ён.

Паводле ягоных словаў, сенатары і кангрэсмэны падтрымлівалі ўваход Украіны, але на ўзроўні прэзідэнтаў ніколі не чуў, што «мы будзем у NATO». І гэта не пытанне да Трампа, а да палітыкі ЗША. Але гэта не азначае, што Украіна не можа змяніць амерыканскую палітыку.

Якая можа быць альтэрнатыва сяброўству ў NATO

Ва Украіны моцнае войска, якое можа ўмацаваць NATO паўсюль. Таму сяброўства Украіны ў альянсе адпавядала б узаемным інтарэсам.

– Добра, калі NATO не сёння, не праблема, мы спытаем заўтра. Але якія альтэрнатывы сёння? Калі не будзе NATO ва Украіне, мы самі зробім «NATO ва Украіне». Гэта азначае, што нам трэба ўзмацніць войска, удвая павялічыць колькасць салдатаў. Нам трэба больш за 200 брыгадаў, – сказаў Зяленскі.

Гэта трэба, таму што цяпер нават разам з Еўропай, у якой арыентавальна 80 брыгадаў, сілаў менш, чым у Расеі. І калі гаварыць пра гарантыі, трэба фінансаваць павелічэнне войска Украіны, а таксама знайсці магчымасць нарасціць ваенную вытворчасць і войска ў Еўропе. «Мы гатовыя гаварыць аб гэтым», – дадаў прэзідэнт.

Якія могуць быць гарантыі бяспекі

Пытанні гарантый бяспекі абмяркоўваліся з лідарамі ЗША, Францыі і Вялікай Брытаніі. На думку Зяленскага, найперш Амерыка павінна разам з Еўропай падтрымліваць Украіну і захоўваць адзінства. І калі гэта будзе часткай гарантый бяспекі, «гэта будзе добра».

Што да замежнага кантынгенту, не важна, з якой краіны гэтыя сілы будуць.

– У любым выпадку нам патрэбнае войска 1,5 млн чалавек, калі мы не будзем у NATO. Калі мы хочам пасля перамір'я не баяцца новага ўварвання Пуціна. І гэта будзе рэальная гарантыя бяспекі. Пуцін будзе ведаць, што ў яго 1,5 млн і ва Украіны 1,5 млн. І, калі захоча прыйсці і памерці, калі ласка, – адзначыў Зяленскі.

Украіна ведае, дзе ёй патрэбныя дадатковыя ўзброеныя сілы.

– У нас ёсць карта з лічбамі, напрыклад, дзе нам патрэбныя сілы замежных партнёраў, дзе іх размясціць. Мы гатовыя да любых пазітыўных пастановаў, давайце дзейнічаць, – падкрэсліў прэзідэнт Украіны.

Кантакты з Трампам і калі будзе сустрэча з Пуціным

Дональд Трамп сапраўды даў Зяленскаму асабісты нумар і сказаў, што можна патэлефанаваць у любы час. Прэзідэнт Украіны спадзяецца, што Трамп дапаможа яму.

Што да чутак пра нібы сустрэчу з расейцамі на наступным тыдні, то гэта не так.

– Саудаўская Аравія, так, у мяне будзе візіт туды. Як у ААЭ і Турцыю, запланаваныя вельмі важныя дыялогі з тымі, хто ўжо дапамог вярнуць нашых салдатаў. У нас ёсць свой парадак дня, гэта важнае мерапрыемства. Яны нам дапамаглі з вяртаннем дэпартаваных дзяцей, – сказаў Зяленскі.

Ён адзначыў, што не будзе сустракацца з расейцамі і не ведае, «радыя яны гэтаму ці не, але гэта не частка маіх планаў».

«Я сустрэнуся толькі з адным расейцам – з Пуціным. Толькі пасля таго, як у нас будзе агульны план з Трампам і Еўропай. І мы сядзем з Пуціным і спынім вайну. Толькі ў гэтым выпадку я гатовы сустрэцца, а не на нейкіх іншых кампрамісных умовах», – падсумаваў прэзідэнт Украіны.

Апошнія навіны