Віцэ-прэзідэнт ЗША Вэнс зрабіў заяву пасля сустрэчы з Зяленскім
- 14.02.2025, 20:56
ЗША маюць намер «давесці справу да канца».
ЗША хочуць, каб вайна Расеі супраць Украіны закончылася. Пры гэтым неабходны доўгі мір.
Як паведамляе РБК-Украіна, пра гэта пасля сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім заявіў віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Ды Вэнс.
– Мы хочам, каб скончылася вайна, мы хочам, каб забойствы спыніліся, але мы хочам дасягнуць доўгага міру, а не канфлікту ў Еўропе праз некалькі гадоў, – адзначыў віцэ-прэзідэнт ЗША.
Вэнс удакладніў, што быў праведзены шэраг «добрых дыялогаў», як дасягнуць доўгага міру разам. І такіх дыялогаў будзе яшчэ больш у найбліжэйшыя дні, тыдні і месяцы.
Таксама ў віцэ-прэзідэнта пацікавіліся, якія будуць далейшыя дзеянні, калі Украіна будзе не гатовая садзіцца за стол перамоваў з Расеяй.
Паводле словаў Вэнса, у гэтым пытанні «ўжо ёсць прасоўванне наперад».
«Па-першае, ёсць цудоўныя ўдзельнікі ўкраінскай дэлегацыі. Ёсць наш неверагодны дзяржсакратар Марка Рубіё, ёсць генерал Келаг (спецпрадстаўнік прэзідэнта ЗША датычна Украіны і Расеі Кіт Келаг – рэд.). Для нас важна сабрацца разам і пачаць размаўляць», – адзначыў віцэ-прэзідэнт.
Таксама ён дадаў, што перамовы неабходныя, каб «давесці справу да канца».