Міністр абароны ЗША: Польшча з'яўляецца нашай стратэгічнай і франтавой хаўрусніцай
- 14.02.2025, 21:33
Пра гэта Піт Хегсет заявіў пасля сустрэчы з міністрам абароны Польшчы.
Міністр абароны ЗША Піт Хегсет прыбыў у Польшчу. Перад сустрэчай з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам ён паразмаўляў з віцэ-прэм'ерам і міністрам абароны Уладзіславам Касінякам-Камышам, паведамляе dorzeczy.pl.
Хегсет запэўніў, што сувязі ЗША з Польшчай застаюцца непахіснымі. «Мы разглядаем Польшчу як узорную хаўрусніцу на еўрапейскім кантыненце, якая хоча інвеставаць не толькі ў сваю абарону, але і ў абарону ўсяго кантынента», – сказаў ён.
– Нашы стасункі моцныя і ўмацоўваюцца з кожным днём. Польшча з'яўляецца стратэгічнай і франтавой партнёркай на ўсходнім флангу NATO. Польшча з'яўляецца праверанай хаўрусніцай Альянсу, узорнай хаўрусніцай не толькі на словах, але і на справе, – адзначыў ён.
У гэтым кантэксце ён указаў на Польшчу ў якасці прыкладу выдаткаў на ўзбраенне. Палітык адзначыў і важнасць «жорсткай улады», асабліва ў цяперашняй геапалітычнай сітуацыі.
«Дыпламатыя важная, размовы важныя, перамовы важныя, але ўрэшце танкі, кулі, гелікаптэры і гэтая “жорсткая сіла” – гэта самае важнае. Польшча гэта выдатна разумее, і мы таксама», – сказаў Хегсет.