BE RU EN

Канцлер Нямеччыны: Дэмакратыя – мацнейшая за Ілана Маска

  • 15.02.2025, 12:35

Олаф Шольц раскрытыкаваў умяшанне мільярдэра ў выбарчую кампанію ў ФРГ.

Канцлер Нямеччыны Олаф Шольц (Olaf Scholz) раскрытыкаваў умяшанне мільярдэра Ілана Маска, які ўзначальвае дэпартамент эфектыўнасці ўраду (DOGE) ЗША, у выбарчую кампанію ў ФРГ, паведамляе «Нямецкая хваля».

Шольц даў інтэрв'ю газетам Funke Mediengruppe і французскаму выданню Ouest-France, якія публікуюць вытрымкі з размовы ў суботу, 15 лютага.

«Дэмакратыя – мацнейшая за Ілана Маска», – падкрэсліў Шольц. Паводле словаў кіраўніка кабінета міністраў ФРГ, яго турбуе, што кіраўнік DOGE «заклікае да абрання вельмі правых партый у Еўропе – не толькі ў Нямеччыне, але і ў многіх іншых краінах».

«Мяркую, што нам трэба менш гандлёвых бар'ераў»

Олаф Шольц таксама закрануў статус стасункаў з Вашынгтонам пры Дональду Трампу: «ЗША – наш сябар». «Мы найперш удзячныя ЗША за тое, што пасля 1945 года Нямеччына стала дэмакратычнай і свабоднай краінай. Нашы стасункі грунтуюцца на гэтым падмурку», – канстатаваў ён.

У той самы час палітык раскрытыкаваў абвешчаныя Трампам тарыфы на алюміній і сталь. «У прынцыпе, я думаю, што нам трэба менш гандлёвых бар'ераў, а не больш», – заявіў Шольц, дадаўшы, што ў гэтым пытанні Еўропа выступае адзіным фронтам.

Еўразвяз з ягонымі 450 млн жыхароў – найбуйнейшая эканамічная зона ў свеце, указаў канцлер Нямеччыны. Паводле ягоных словаў, «гэта дае нам моцную пазіцыю». Еўракамісія адрэагуе «вельмі хутка» на тарыфныя захады Вашынгтона, паабяцаў кіраўнік кабміна ФРГ.

Апошнія навіны