Незвычайны гарадзенскі гатэль прызналі найлепшым у СНД
- 10.04.2025, 11:09
Уладальніца мяркуе, што гасцям ён нагадвае куток Заходняй Еўропы.
Гарадзенскі гатэль «Кронан Парк Гатэль» знаходзіцца ў лесапарку Пышкі. Нядаўна ён атрымаў прэмію Travel Time Awards у намінацыі «Найлепшы парк гатэль у Расеі і краінах СНД» за 2024 год. Гатэль пабудавалі ў 2008 годзе на месцы рэстарацыі «Сосны». Яго адкрыла сямейная пара з Расеі. Тут усяго 15 нумароў розных катэгорый. Кошт пражывання стартуе ад 500 рублёў. Realt даведаўся, чаму ён заслужыў гэтую ўзнагароду.
«Кронан Парк Гатэль» пабудавалі за 4 гады ў цэнтры старога лесапарку ў Гародні, недалёка ад Нёмана. На першым паверсе тут размясцілася рэстарацыя, а таксама невялікая СПА. Такая лакацыя і ўзровень паслуг неўзабаве зрабілі гэтае месца папулярным не толькі ў беларусаў, але і замежнікаў. Адасобленасці спрыяе і тое, што тут усяго 15 нумароў.
У пачатку 2000-х старую рэстарацыю «Сосны» выкупіла сямейная пара з Расеі Вікторыя і Віктар Гадаванюкі. Віктар часта бываў па справах у Гародні. Аднойчы нехта з партнёраў распавёў мужчыне аб тым, што прадаецца невялікі пляц зямлі ў лесапаркавай зоне Гародні пад будаўніцтва гатэля ці рэстарацыі.
- Прыехалі паглядзець аб'ект. А месца, пагадзіцеся, цудоўнае: у гэты лес, у гэтае паветра немагчыма не закахацца. Напэўна, Віктар і яго бізнэс-партнёр патрапілі пад гэтыя чары. Яны даведаліся, што гэта апошняя магчымасць набыць і пабудаваць нешта ў лесапаркавай мяжы горада, кошт аб'екта быў зманліва нізкім, у Гародні на той момант быў вялікі недахоп гатэляў і рэстарацый, і яны наважыліся, - распавядала ў інтэрв'ю Realt Вікторыя - уладальніца «Кронан Парк Гатэль».
Дарэчы, першапачаткова планавалася выкарыстоўваць падмурак і камунікацыі старой рэстарацыі. Але пасля куплі высветлілася, што падмурак не вытрымае нагрузкі, а камунікацыі - у непрыдатным стане і патрабуюць поўнай замены.
Пры стварэнні заснавальнікі натхняліся сеткай Relais&Châteaux, дзе кожны атэль валодае сваім шармам і характарам. Гарадзенскі гатэль мае правобраз еўрапейскіх замкаў і загарадных сядзіб. Інтэр'ер кожнага нумара адрозніваецца. Мэблю, рэчы і прадметы дэкору ўладальнікі прывозілі з розных краін. Узорамі для ўсходаў і элементаў гаўбцоў сталі рэальныя эскізы французскага кавання.
- Наш праект - гэта зборны вобраз самых розных месцаў (гатэляў, рэстарацый, музеяў і проста прыгожых будынкаў) з нашых падарожжаў, якія зрабілі на нас найбольш моцнае ўражанне. Мы паспрабавалі данесці свае ідэі да архітэктараў, яны, у сваю чаргу, прапусцілі гэта праз сябе і ўвасобілі нашы мары. Мы былі дастаткова жорстка абмежаваныя тэрмінамі ўводу аб'екта ў эксплуатацыю. А асноўная цяжкасць палягала ў тым, што мы будавалі дыстанцыйна: у нас не было магчымасці прыязджаць у Гародню часта. Але, як выявілася, і гэты фармат магчымы, калі ёсць паразуменне, зладжаная моцная каманда, энтузіязм, жорсткія тэрміны і крыху ўдачы.
Патрапіць на тэрыторыю гатэля могуць не толькі пастаяльцы. У «Кронане» яшчэ ёсць рэстарацыя з дзвюма абедзеннымі заламі і летняй тэрасай.
У 2019 годзе ў гатэль прыязджаў французскі кухар Кзаўе Бюрэль, які мае ў арсенале зорку «Мішлен». Ён падарыў рэстарацыі аўтарскі рэцэпт дэсерту «Паўлава».
Гатэль каштаваў некалькі мільёнаў даляраў. Дакладную суму Вікторыя не назвала, бо ў яго добраўпарадкаванне ўвесь час укладваюцца грошы.
Уладальніца мяркуе, што гасцям «Кронан» нагадвае куток Заходняй Еўропы.
- Ёсць адчуванне, што гэта «не тут» і «не цяпер», што гэта нейкая ўтульная казка з дзяцінства. Многія адмаўляюцца верыць, што будынак новы, а не адрэстаўраваны. Гэта дзіўна, але кожны бачыць у «Кронане» нешта сваё, знаходзіць нейкі свой водгук - хтосьці бачыць у ім кавалачак Францыі, хтосьці - ангельскі асабняк, хтосьці - італійскае палацо, а хтосьці нават - расейскую сядзібу. Мусіць, кожны знаходзіць тое, пра што марыць, тое, што шукае, тое, што міла менавіта яго сэрцу. Гэта выдатна, і мы, вядома, вельмі радыя гэтай акалічнасці. Паверце, гэта не добра прадуманая канцэпцыя. Так атрымалася. Я магу гэта растлумачыць толькі тым, што мы далікатна любім усё вышэйпералічанае, і гэта не магло не адбіцца на абліччы нашага Дома.