Менскі завод «Атлант» сыходзіць у прастой
- 10.04.2025, 15:05
Пры гэтым супрацоўнікаў на прадпрыемства працягваюць набіраць.
Менскі завод бытавой тэхнікі "Атлант" з 28 красавіка да 12 траўня ідзе ў вытворчы простой. Пра гэта «Еврорадио» даведалася, патэлефанаваўшы ў аддзел кадраў прадпрыемства пад выглядам беларуса, які шукае працу.
Мы правяралі інфармацыю ад крыніцы, якая паведаміла, што “Атлант”спыняе працу з 21 красавіка да 8 траўня.
Высветлілася, што завод працягвае шукаць працоўных, але найбліжэйшым часам робіць перапынак у рэкрутынгу - праз афіцыйныя двухтыднёвыя выходныя, якія пазначаныя ў вытворчым календары "Атланта".
Прастоі ў Беларусі
Апошнім часам прастоі на беларускіх заводах - агульная практыка.
Раней Еўрарадыё пісала, што сыходзіць у прастой да 12 траўня і скарачае штат завод "Акумулятарны Альянс" (былы "АйПаўэр)". З чым звязана неабходнасць прастою і колькі супрацоўнікаў скароцяць, у кампаніі не растлумачылі.
Аб фінансавых праблемах прадпрыемстваў Гомельшчыны інфармавала выданне "Флагшток". Так, на заводзе “СтанкаГомель” заробкі ўпалі, а супрацоўнікаў адпраўляюць у адпачынак за свой кошт.
На Заводзе ліцця і нармаляў («ЗЛіН»), які ўваходзіць у склад вытворчага аб'яднання “Гомсельмаш”, прыйшлося браць крэдыт у банку, каб выплаціць працоўным заробкі ў пачатку 2025 года.
Затрымкі заробкаў былі і на “Беларускім металургічным заводзе”.