На Гомельшчыне лясгас узбунтаваўся праз заробкі
- 11.04.2025, 22:18
Работнікаў таксама не задавальняюць паламаныя бензапілы і аўтатранспарт.
Работнікі Веткаўскага спецлясгаса накіравалі 10 красавіка ў Гомельскае вытворчае лесагаспадарчае аб'яднанне (ДВЛГА) скаргу на дзеянні службовых асоб установы.
Аб сутнасці свайго звароту спецлясгас не паведаміў, але з тэксту можна зразумець, што прывяло да бунту супраць начальства: нізкі заробак, паламаныя бензапілы і аўтатранспарт.
"Як высветлілася падчас размовы, шэраг пытанняў, узнятых у звароце, быў пацверджаны. Як вынік - адразу ў рамках правядзення сустрэчы кіраўніцтву спецлясгаса былі пастаўленыя канкрэтныя задачы, хоць, як высветлілася, усе пытанні маглі быць развязаныя ўнутры калектыву і не патрабуюць асаблівых намаганняў", - адзначаецца ў паведамленні.
На сайце Веткаўскага спецлясгаса пазначаны заробкі вакансій. Так, вальшчыку лесу абяцаюць 1000-1300 рублёў у залежнасці ад выканання нормы выпрацоўкі, майстру лесу - 900-1100 рублёў, электраманцёру і электразваршчыку - 1200-1300 рублёў.
Пры гэтым тэрмінова патрабуюцца на працу спецыялісты на шасці вакансіях. На самую нізкую аплату працы - усяго ад 700 да 1000 рублёў - шукаюць лесавода.
Для лясной прамысловасці гэта сапраўды нізкія заробкі.