Брамнік «Манчэстэр Сіці» зрабіў неверагодную галявую перадачу і абнавіў рэкорд АПЛ
- 12.04.2025, 18:33
Эдэрсан Мараес дапамог свайму клубу перамагчы «Крыстал Пэлас».
У рамках 32-га туру чэмпіянату Англіі «Манчэстэр Сіці» здабыў разгромную перамогу над «Крыстал Пэлас» – 5:2.
Галкіпер манчэстэрскай каманды Эдэрсан Мараес адзначыўся галявой перадачай на Джэймса Макаці, які рэалізаваў выхад адзін на адзін з брамнікам спаборніка, паведамляе nv.ua.
Бразільскі брамнік «Манчэстэр Сіці» зрабіў ужо сёмы асіст у кар'еры АПЛ. У гэтым сезоне гэта чацвёртая галявая.
Эдэрсан абнавіў рэкорд у асістах сярод галкіпераў, які сам устанавіў у лютым гэтага года.
На другім месцы ў выніковых перадачах сярод брамнікаў ідзе Пол Робінсан з пяццю асістамі.
У гэтым сезоне бразілец правёў 33 матчы за «Манчэстэр Сіці» ва ўсіх турнірах, у якіх прапусціў 47 галоў і дзевяць разоў згуляў на нуль.
У турнірнай табліцы АПЛ «гараджане» ідуць на чацвёртым месцы з 55 баламі пасля 32 гульняў.