Трамп нанёс другі санкцыйны ўдар па РФ
- 13.04.2025, 10:25
Прадоўжанаt дзеянне ўказаў Байдэна.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп другі раз пасля вяртання ў Белы дом падпісаў указ, які датычыцца санкцый супраць Расеі.
У суботу, 12 красавіка, амерыканскі лідар пралангаваў на год дзеянне абмежаванняў супраць РФ, уведзеных яго папярэднікам Джо Байдэнам з 2021 года. Адпаведная інфармацыя змяшчаецца ў дакуменце Федэральнага рэестра ЗША.
У дакуменце гаворыцца, што працягнутае дзеянне ўказаў, якія ўводзілі надзвычайнае становішча ў дачыненнях з Расеяй.
У паведамленні сказана, што шкодная замежная дзейнасць РФ працягвае несці надзвычайную пагрозу нацыянальнай бяспецы, замежнай палітыцы і эканоміцы ЗША, таму дзеянне абмежаванняў працягваецца яшчэ на год.
Дарэчы, амерыканскія ўлады адзначылі, што Расея нясе пагрозу свабодным выбарам і дэмакратычным інстытутам як у ЗША, так і краінах-хаўрусніцах. Указваецца на парушэнні Масквой нормаў міжнароднага права, уключаючы парушэнне тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржаў.
Надзвычайнае становішча ў стасунках з ЗША было зацверджанае 15 красавіка 2021 года ўказам тагачаснага амерыканскага лідара Джо Байдэна. 8 сакавіка 2022 года Байдэн выдаў указ, якім пашырыў сферу дзеяння надзвычайнага здарэння, а затым было яшчэ некалькі ўказаў, якія пашыраюць санкцыйныя захады ў дачыненні да РФ.